Беларускія дэпутаты зробяць вечаровую прабежку па Лошыцкім парку

Беларускія дэпутаты сёння далучацца да грамадзянскай ініцыятывы #followminsk, скіраванай на папулярызацыю бега сярод гараджан, і здзейсняць вечаровую прабежку ў мінскім Лошыцкім парку. Пра гэта БЕЛТА паведаміў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, якая і прасоўвае гэтую ініцыятыву, Вадзім Дзевятоўскі. Ён таксама выйдзе на прабежку, а разам з ім крос прабягуць Уладзіслаў Шчэпаў, Вольга Палітыка, Алена Шамаль, Дзмітрый Шаўцоў, Валерый Барадзеня і Васіль Папко.

Сёлета ў сакавіку ў сацыяльных сетках абвясцілі аб правядзенні ў Мінску сумесных прабежак для ўсіх ахвочых. Тады з падтрымкай ініцыятывы выступілі вядомыя беларусы — спартсмены, артысты, тэлевядоўцы. Галоўная мэта акцыяў — далучыць да здаровага ладу жыцця як мага болей людзей. Маўляў, для навічкоў заўсёды прасцей бегаць з кімсьці. Акцыі пачаліся з дзясяткаў бегуноў, а цяпер у забегах прымаюць удзел сотні мінчан.

У сумесных прабежак ёсць яшчэ адна мэта — падрыхтоўка да паўмарафона, які плануюць зладзіць у Мінску ў верасні ў Дзень горада. А затым у Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі наступныя планы — зладзіць у Мінску чэмпіянат свету па паўмарафоне ў 2018 годзе. Адпаведная заяўка пададзеная і каб атрымаць станоўчы вынік, трэба паказаць, што ў Беларусі ўмеюць праводзіць такія турніры.

Забег у Лошыцкім парку пачнецца ў 19.30.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі