Беларускія баскетбалісткі згуляюць за бронзавыя медалі чэмпіянату Еўропы

У пятніцу, 26-га чэрвеня, жаночая зборная Беларусі па баскетболе у паўфінале чэмпіянату Еўропы саступіла зборнай Сербіі — 72:74. У іншым паўфінале францужанкі выйгралі з лікам 63:58 у іспанак. Матч за бронзу Беларусь — Іспанія адбудзецца ў нядзелю, 28-га чэрвеня, пачатак у 17.30.  

Нягледзячы на тое, як беларускі згуляюць у заключным матчы, можна канстатаваць, што чэмпіянат Еўропы склаўся для іх па-сапраўднаму яскрава. Хайлайты гэтага чэмпіянату можна бясконца смакаваць. Яшчэ да спаборніцтваў каманда стварала прыемныя, а месцамі і забаўныя інфармацыйныя нагоды. 

Спачатку ў зборную вярнуўся самы знакаміты трэнер у яе гісторыі — Анатоль Буяльскі. Яму прызначылі зарплату, у чатыры разы меншую, чым было ў папярэдніка. У заўзятараў зацеплілася надзея, што спецыяліст і яго абноўленая дружына вернуць былую славу. 

Потым у зборную прыйшла амерыканка Ліндсэй Хардзінг, якая адразу наладзіла ўзаемаадносіны з нашымі баскетбалісткамі і стала адным з самых карысных і нястомных гульцоў каманды. Павесяліла і трапіла ў хіты інфармацыйных рэсурсаў цэнтравая Алена Леўчанка. Далучыўшыся да каманды на зборах у Раўбічах, яна трапіла якраз на экзатычную вячэру і паскардзілася, што далі мала мяса. 

Зборная рыхтавалася, Буяльскі наноў за кароткі тэрмін ляпіў новую каманду. Хапала кадравых праблем. 

І вось чэмпіянат пачаўся. У канцы стартавага матчу з італьянкамі нашы, прайграючы, змаглі на апошніх секундах зраўняць лік і даціснуць апенінскіх сірэн. 
 

Потым беларускі ўпэўнена перамаглі полек. Запас ачкоў склаў +16. Ужо пасля гэтага матча нават эксперты чакалі, што з адносна топавымі турчанкамі такой жа зграбнай гульні не атрымаецца. Але нашы рванулі наперад у трэцяй чвэрці. Як ні стараўся трэнер турчанак (яго з-за залішняй крыклівасці выдалілі) пабудзіць сваіх баскетбалістак, тыя дагнаць беларусак не змаглі. Перавага нашых дзяўчат склала +15. 

У заключным матчы першага этапу нашы па поўнай праграме накідалі Грэцыі. Перавага склала +25. Хто б мог пра такое марыць перад чэмпіянатам Еўропы?

Але ў другім этапе спаборніцтваў нашы, як кажуць, трапілі ў яму. Для гарантаванага выхаду ў чвэрцьфінал было дастаткова атрымаць адну перамогу ў трох гульнях. Спачатку беларускі выдалі шыкоўны матч з Чэхіяй: зраўнялі лік за чатыры секунды да канца гульні. Але чэшкі здолелі закінуць на апошняй секундзе і перамагчы. 

І вось беларусак чакала, як тады здавалася, вырашальная гульня з Чарнагорыяй. У чацвёртай чвэрці нашы змаглі зраўняць лік, але саступілі ў канцоўцы — 72:77. 

Турнірнае становішча, на наша шчасце, склалася казачна. Баскетбольны Бог арганізаваў усё так, што беларускі нават у выпадку паразы ад Францыі выходзілі ў чвэрцьфінал. Ды яшчэ і не з самага горшага трэцяга месца. Францужанкам нашы прайгралі з адставаннем у пяць ачкоў. Але цягам гульні змаглі зрабіць камбэк пасля правальнага пачатку і змагаліся амаль на роўных.

Такім чынам, перад чвэрцьфіналам з Літвой (а ў гэтай суседскай краіне баскетбол — спорт нумар адзін) і заўзятары, і эксперты не вылучалі залішняга аптымізму. Літоўкі перамаглі ў пяці сустрэчах запар. Пры гэтым прайгравалі ў пачатку гульняў, але дадушвалі саперніц у канцоўках. Нешта падобнае здарылася і ў гульні з беларускамі. Нашы выдатна зладзілі гульню ў тэхнічным плане і, лічы, цягам усяго матчу былі наперадзе. За 30 (!) секунд да канца літоўкі ледзь не адыгралі сем ачкоў. Але беларускі выстаялі.

Як бачым, добрую гульню беларускі прадэманстравалі і ў паўфінале.

Фота: lovewomensbasketball.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі