Беларускія банкі не змогуць вярнуць укладчыкам іх грошы?

Расійскія і беларускія эканамісты лічаць, што Нацбанк заявіў аб стоадсоткавай гарантыі ўсіх укладаў дзеля таго, каб беларусы не сталі забіраць свае грошы.
Нацбанк даў стоадсоткавую гарантыю вяртання ўкладаў. На сёння беларусы захоўваюць у банках 6,2 мільярдаў долараў. На думку былога старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча, у нашай краіны няма такой магчымасці, каб адразу выплаціць столькі грошай. А гарантыі даюцца для таго, каб супакоіць укладчыкаў.


Станіслаў Багданкевіч: “Гэта заява такая... даюць слова гонару. Чаму не заявіць? Можна заўсёды зрабіць заяву, што я гарантую. А чым ты гарантуеш, калі ў цябе няма спецыяльнага страхавога фонду? Гэта такая заява для супакаення ўкладчыка. Можна заявіць, што ўсе будуць багатымі і шчаслівымі. Гэта тое ж самае”.

У Расіі сітуацыя іншая: там гарантыя падмацоўваецца страхавымі фондамі, расказаў Еўрарадыё кіраўнік аддзелу эканамічнай палітыкі расійскай газеты “Коммерсантъ” Дзмітрый Бутрын:

“У Расіі гарантаваліся актыўнымі агенцтвамі па страхаванні ўкладаў. І страхавымі адлічэннямі, напаўненнямі фондаў страхавання ўкладаў. У Беларусі стоадсоткавая гарантыя па ўкладах, я так разумею, забяспечваецца выключна актывамі Нацбанка. Ці хопіць іх для поўнай гарантыі ўкладаў, мне невядома. Хутчэй за ўсё — не”.

Але дэкан эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта Міхаіл Кавалёў не думае, што дэфолт магчымы. Наўрад ці ўсе пагалоўна стануць забіраць свае грошы з банкаў. Ды і грошай гэтых у банках не так і шмат. Больш за тое, заява пра стоадсоткавую гарантыю якраз і накіраваная на тое, каб людзі не хваляваліся і верылі ў нашую эканоміку.

Міхаіл Кавалёў: “Грошай у банках не так і шмат. Усяго прыкладна па 600 долараў на кожнага чалавека. Я думаю, дзяржава такога кшталту заявы робіць менавіта для таго, каб яны іх не забіралі. Каб супакоіць укладчыкаў, што сапраўды сітуацыя ў Беларусі спакойная і ніякіх нагодаў для хвалявання няма”.

Не варта таксама і турбавацца, што нашыя банкі адчуюць ажыятаж і перастануць браць уклады. Станіслаў Багданкевіч кажа, што замежнікі не дурні, каб пакідаць свае грошы ў нашых банках. А на думку Міхаіла Кавалёва, хто мае, што ўкладваць, даўно ўжо захоўвае свае грошы ў беларускіх банках. У яго і самога ёсць уклад.

Міхаіл Кавалёў: “Адкуль людзі так раптам возьмуць шмат грошай? Тыя, у каго яны былі, яны іх ужо аднеслі ў банкі”.
ЕРБ: “А вы самі сёння зрабілі б уклад у беларускі банк?”
Міхаіл Кавалёў: “У мяне ёсць уклад, і зарплатная картка. І там штосьці ад зарплаты застаецца. Яно ляжыць там у беларускім банку”.

Праблема яшчэ ў тым, што ў нас няма ні фондавага рынку, ні рынку каштоўных папераў, прадпрымальніцтва таксама недастаткова развіта. Таму беларусам няма куды ўкладаць грошы, акрамя як у айчынныя банкі.

Што тычыцца расіянаў, то Дзмітрый Бутрын лічыць, што нават стоадсоткавая гарантыя не прымусіць іх ехаць у Беларусь ды пакідаць свае грошы ў нашых банках.

Дзмітрый Бутрын: “Я вельмі сумняюся, што стоадсоткавая гарантыя ў Беларусі выклікала вострае жаданне расійскіх укладчыкаў несці ўсе грошы ў беларускія банкі. Праўду кажу. Гэта дастаткова бессэнсоўны занятак”.

Такім чынам, тэарэтычна дзяржава наўрад ці зможа выплаціць грошы адначасова ўсім укладчыкам. Але і сітуацыя, калі ўсе ўкладчыкі ў адзін момант пабягуць забіраць свае грошы з банкаў, бачыцца неверагоднай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі