Беларускім праваабаронцам уручылі прэмію ад Фонду Клуні

Узнагароду "Вясны" прыняла Аліна Стэфановіч (у цэнтры), жонка палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча / accessonline.com

Праваабарончы цэнтр "Вясна" атрымаў прэмію the Albie Awards 2022. Гэтую прэмію заснаваў Фонд "Клуні за справядлівасць". Беларусаў адзначылі ў намінацыі "справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі". Цырымонія ўзнагароджання адбылася надоечы. У зале, акрамя намінантаў, былі і калегі Джорджа Клуні Джулія Робертс, Мэрыл Стрып, Джон Олівер і іншыя вядомыя людзі.

Узнагароду "Вясны" прыняла Аліна Стэфановіч — жонка палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча.  Яна адзначыла, што на сцэне цяпер павінен быў бы стаяць яе муж, але "ён не можа гэтага зрабіць, таму што знаходзіцца за кратамі". Ёй разам з дзецьмі давялося пакінуць Беларусь. Аліна зачытала ўрывак з ліста Валянціна.

Стэфановіч піша пра тое, што і ў "21-м стагоддзі беларусы вымушаныя змагацца за, здавалася б, такую простую рэч дэмакратыю".  Ён разважае пра імкненне аўтакратый Расіі і Беларусі "навязаць іншым народам сваю "асаблівую цывілізацыю", нават праз развязванне войнаў", а таксама пра тое, што ў гэтых умовах "праца праваабаронцаў набывае асаблівае значэнне, бо правы чалавека — гэта культура міру, а не вайны".

Стэфановіч нагадаў пра калег, якія таксама застаюцца ў зняволенні ў Беларусі і скончыў сваё пасланне словамі Максіма Багдановіча: "Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага яснага дня".

Фонд "Клуні за справядлівасць" быў заснаваны ў канцы 2016 года Джорджам і Амаль Клуні для прасоўвання правасуддзя ў залах суда, аўдыторыях і супольнасцях па ўсім свеце. Прэмія the Albie Awards уручаецца ўпершыню. Яна названая ў гонар суддзі Албі Сакса, які вядомы сваім гераічным імкненнем пакончыць з апартэідам у ПАР. Яе мэта прыцягнуць увагу да бясстрашных людзей, якія змагаюцца за справядлівасць, нягледзячы на вялікую рызыку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.