Беларускім коннікам паабяцалі катэдж за медаль на Алімпіядзе

Беларускія прызёры Алімпіяды-2008 у конным спорце атрымаюць у падарунак катэдж у пасёлку Ураджайны пад Мінскам. Трэнерам спартсменаў прэзентуюць легкавы аўтамабіль. Аб гэтым сёння на адкрытым пасяджэнні прэзідыума "Беларускай федэрацыія коннага спорту" заявіў першы намеснік старшыні гэтай арганізацыі Леанід Юшкевіч, паведамляе БелаПАН.
Прызамі забяспечыць сама федэрацыя. Дарэчы, усе беларускія медалісты атрымаюць прызавыя грошы ад дзяржавы ў памеры ад 30 да 100 тысяч долараў у залежнасці ад вартасці медаля. Акрамя таго, Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі склаў рэкламны кантракт з кітайскай фірмай Xtep.

Згодна з умовамі дагавора, кітайскі партнёр не толькі забяспечыць нашых атлетаў сваім спартовым экіпіраваннем, але і выплаціць прызавыя медалістам. Чэмпіёны атрымаюць 10 тысяч долараў, срэбныя прызёры — 5 тысяч, бронзавыя — 3 тысячы.

Такім чынам, беларускі коннік, які стане алімпійскім чэмпіёнам, можа разлічваць на катэдж пад Мінскам і 110 тысяч долараў. Кваліфікацыйны адбор на Алімпіяду-2008 у конным спорце завяршыцца ў траўні. На ліцэнзіі прэтэндуюць трое беларускіх спартоўцаў — Ірына Ліс, Вячаслаў Пойта і Алена Целяпушкіна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі