Беларускі суд дазволіў не раскрываць крыніцу інфармацыі пры публікацыі ў СМІ

Беларускі суд дазволіў не раскрываць крыніцу інфармацыі пры публікацыі ў СМІ

Эканамічны суд Мінскай вобласці дазволіў СМІ не раскрываць крыніцу інфармацыі пры публікацыі. Пра гэта піша ў Фэйсбуку адвакат Сяргей Зікрацкі.

Гаворка ідзе пра суд паміж Маладзечанскім заводам парашковай металургіі і "Рэгіянальнай газетай". Газета апублікавала фатаздымак мыла на вяроўцы ў заводскай прыбіральні і выказала меркаванне, што гэта мера супраць крадзяжу. Адміністрацыя завода не абвяргае сапраўднасць фатаздымка, але заяўляе, што гэтая публікацыя пашкодзіла дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. 

На судзе прадстаўнікі завода запатрабавалі раскрыць крыніцу інфармацыі — назваць чалавека, які даслаў у рэдакцыю скандальны фатаздымак. Закон аб СМІ гарантуе крыніцам інфармацыі абарону, але гэты ж закон абавязвае СМІ назваць крыніцу па патрабаванні суда або органа крымінальнага пераследу.

"Натуральна, мы былі супраць. Калі быць абсалютна сумленнымі, наша крыніца інфармацыі была гатовая з'явіцца ў суд і даць паказанні. Але для нас прынцыповым было пярэчыць. Мы хацелі даказаць, што раскрыццё крыніцы інфармацыі нават на падставе пастановы суда павінна ажыццяўляцца толькі ў тых выпадках, калі гэта сапраўды неабходна для ажыццяўлення правасуддзя", — піша Зікрацкі.

Адвакат газеты звярнуў увагу на тое, што асоба крыніцы інфармацыі не з'яўляецца прадметам доказу па гэтым пазове. Таксама Зікрацкі падкрэсліў: "Нават калі выказаць здагадку, што крыніца інфармацыі можа мець доказы дакладнасцi звестак, то цяжар па даказванні гэтай акалічнасці ляжыць на адказчыку. Адказчык самастойна вызначае тактыку абароны па справе, а такім чынам пазоўнік не мае права патрабаваць прадастаўлення доказаў тых абставінаў, якія не ўваходзяць у яго (пазоўніка) цяжар даказвання".

Суд стаў на бок "Рэгіянальнай газеты" і адмовіў заводу, які патрабаваў раскрыць крыніцу інфармацыі. Гэта, верагодна, першы такі выпадак у беларускіх судах.

Зікрацкі лічыць, што гэтай перамогай закладзены важны прэцэдэнт у беларускае праваўжыванне: "Гэта велізарная перамога для ўсёй беларускай журналістыкі. Цяпер мы можам смялей працаваць з нашымі крыніцамі інфармацыі. Мы можам казаць ім пра гарантыі, мы можам запэўніваць іх, што нават калі зацікаўленыя асобы будуць у судзе патрабаваць раскрыцця крыніцы інфармацыі, суд будзе ўважліва ставіцца да разгляду гэтага пытання, і крыніца інфармацыі будзе раскрытая толькі тады, калі ў гэтым насамрэч ёсць цвёрдая неабходнасць".

Праўда, варта падкрэсліць, што ў Беларусі няма прэцэдэнтнага права. Таму іншы суддзя можа прыняць абсалютна процілеглае рашэнне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі