Беларускі найчасцей становяцца ахвярамі гандлю людзьмі ў Польшчы

У Польшчы ўсё часцей назіраюцца факты выкарыстання рабскай працы і гандлю людзьмі. У большасці выпадкаў ахвярамі становяцца беларусы і ўкраінцы. Пра гэта журналістам з Беларусі, Украіны, Малдовы і Расіі распавяла кіраўнік Міжнароднага бюро па эміграцыі ў Польшчы Ганна Растоўская.

Цяпер, паводле яе словаў, польскі ўрад у межах палітыкі добрасуседства адкрыў рынкі працы Польшчы для грамадзян Беларусі, Украіны, Малдовы і Расіі. Жыхарам гэтых краін для таго, каб прыехаць у Польшчу на працу, дастаткова мець абяцанне працадаўцы ўладкаваць гэтага чалавека. Але побач з легальным працаўладкаваннем у Польшчы, кажа Ганна Растоўская, пачалі фіксаваць выпадкі прымусовай працы.

Ганна Растоўская: “Новая з’ява, якую мы апошнім часам назіраем у Польшчы, — гэты пытанні прымусовай працы. Мы маем справу з такімі працоўнымі лагерамі тут, у Польшчы. І людзей, задзейнічаных у іх, становіцца ўсё больш”.

У якасці прыкладу кіраўнік бюро расказала пры выпадак, калі групу эмігрантаў з Азербайджана зачынілі на тэрыторыі тытунёвай фабрыкі і прымусілі працаваць толькі за ежу, не дазваляючы нікуды выходзіць. Такія выпадкі пакуль здараюцца не частка, але яны ёсць.

Ганна Растоўская: “Зрэдку, але ўсё ж надараецца такая прымусовая праца. І сектары, у якіх гэта найчасцей адбываецца, — гэта сельская гаспадарка, будоўля, розныя фабрыкі”.

Аднак самымі жорсткімі з’яўляюцца факты гандлю людзьмі ў сферы сексуальных паслуг. І часцей за ўсё ахвярамі становяцца беларускі і ўкраінкі, кажа Ганна Растоўская.

Ганна Растоўская: “Здараюцца выпадкі гандлю людзьмі для заняцця прастытуцыяй. І найчасцей гэта грамадзянкі Беларусі, Украіны, Малдовы. Але рэч у тым, што прастытуцыя ў Польшчы дазволена. Забаронена атрымліваць прыбытак ад чыёйсьці прастытуцыі. І гандаль людзьмі забаронены”.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што нашыя суайчынніцы самі не імкнуцца змяніць профіль сваёй працы і пачаць зарабляць грошы іншым чынам. Большасць з іх, кажа Ганна Растоўская, ад пачатку ведалі, чым яны будуць займацца ў Польшчы.


Не спяшаюцца, паводле яе слоў, звяртацца па дапамогу і ахвяры падману працадаўцаў, якія плацяць менш за абяцанае.

Ганна Растоўская: “Часта мы даведваемся пра парушэнні правоў працаўнікоў. Гэта не гандаль людзьмі, не прымусовая праца — гэта парушэнне правоў. Але змагацца з гэтым складана. Я кажу пра выпадкі, калі эмігранты атрымліваюць траціну ад абяцаных грошай. Яны кажуць: “Ладна! Усё добра, мы згодныя”. Бо гэта ўсё адно больш, чым яны атрымлівалі б у сваёй краіне. І таму яны не хочуць нічога з гэтым рабіць, бо для іх важна сама праца. Яны прыехалі сюды працаваць, дасылаюць грошы сям’і і не хочуць згубіць нават такую працу”.

У той жа час Міжнароднае бюро па эміграцыі дапамагае мігрантам, якія трапілі ў складанае становішча, вярнуцца на радзіму. Камусьці набываюць квіток, калі чалавек застаўся зусім без сродкаў, камусьці дапамагаюць аформіць неабходныя дакументы. Летась такім чынам супрацоўнікі бюро аказалі падтрымку 1600 чалавек. Ці былі сярод іх беларусы, дырэктарка бюро не ўдакладніла.

Што ж тычыцца нелегальнай міграцыі ў Польшчы, то сапраўдных аб’ёмаў яе не ведаюць нават у гэтай няўрадавай арганізацыі.

Ганна Растоўская: “Колькі нелегальных мігрантаў у Польшчы, пра гэта, напэўна, не ведае ніхто. Была спроба адказаць на пытанне, колькі ўвогуле ў Польшчы мігрантаў. Але гэтага таксама ніхто дакладна не ведае. Адзіныя дадзеныя, якія мы маем, гэта колькасць людзей, якія атрымалі дазвол на пастаяннае жыхарства. Паводле апошніх звестак, гэта каля 120 тысяч чалавек”.

Дарэчы, як паведаміў журналісту Еўрарадыё прадстаўнік Дэпартаменту па рынку працы Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Марцін Паўлоўскі, летась яны выдалі больш за 29 тысяч дазволаў на працу. З іх амаль 1700 атрымалі беларусы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі