Беларускі дыпламат: Еўрасаюз завышае стандарты правоў чалавека ў Беларусі

Пра гэта паведаміў на сустрэчы журналістаў беларускіх СМІ ў Брусэлі першы сакратар Місіі Беларусі ў ЕС Аляксандр Самусенка Нават у сярэднетэрміновай перспектыве ЕС не здольны стаць для Беларусі “эканамічным крылом, раўназначным Расіі”, кажа дыпламат. Пры гэтым ён прызнае, што “разам са шматпланавымі адносінамі з ключавым саюзнікам Расіяй, для Беларусі жыццёва важна наладзіць адносіны з ЕС”. Паколькі мэты ўваходжання ў ЕС Беларусь не мае, у адносінах Беларусі з Еўрасаюзам ёсць “трэці шлях – суіснаванне, заснаванага на роўных мажлівасцях супрацы і недыскрымінацыйным падыходзе”.

Аляксандр Самусенка: “У некаторых еўрапейскіх сталіцах развіццё кантактаў з Мінскам па-ранейшаму бачаць выключна праз прызму дэмакратызацыю грамадскага жыцця ў краіне. Такая лінія ў гістарычным і цяперашнім плане не самая перспектыўная. Мы не ўхіляемся ад шчырага дыялогу па пытаннях дэмакратыі і правах чалавека. Магу смела сказаць, што Беларусь рэзка не кантрастуе з астатнімі краінамі рэгіёну, у тым ліку па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека”.

Але на просьбу Еўрарадыё назваць іншыя краіны рэгіёну, якія практыкуюць выключэнні студэнтаў з універсітэтаў па палітычных прычынах, Самусенка адказаў: “Не прынята, як бы, напэўна, называць канкрэтныя назвы краін, калі ідзе абмеркаванне адносінаў Беларусі і ЕС”.

Пры гэтым, па словах дыпламата, у адносінах да Беларусі ЕС ужывае “двайныя, трайныя, яўна завышаныя стандарты па сітуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека”.

Візавыя абмежаванні ў адносінах да шэрага высокапастаўленых асобаў першы сакратар місіі Беларусі ў ЕС называе нечым “чыста прапагандысцкім, кшталту часоў халоднай вайны”.

Еўрарадыё задало дыпламату пытанне пра выключэнне з універсітэту студэнткі Таццяны Шапуцькі, якая ўдзельнічала ў Форуме грамадзянскай супольнасці ў рамках Усходняга Партнёрства

Самусенка: “Як прадстаўніку пасольства мне складана сказаць нешта па тых ці іншых кроках, якія прымаюцца ў Беларусі, у прыватнасці па сітуацыі з Таццянай Шапуцькай. Я маю інфармацыю аб развіцці падзеяў са СМІ. Адзінае што тычыцца некаторых правакацыйных аспектаў, я магу сказаць, што ў рамках Усходняга Партнёрства мне трапіўся ў рукі артыкул аб тым, што спадар Козік як быццам збіраўся арганізаваць мітынг у падтрымку Таццяны Шапуцькі. Я меў размову са спадаром Козікам, і ён запэўніў мяне, што нічога падобнага не абяцаў, таму гэта напэўна адносіцца да пытання чысціні выкладання інфармацыі ў СМІ”.

Старшыня Офіса за дэмакратычную Беларусь Вольга Стужынская, якая прымала ўдзел у сустрэчы, адразу абвергла словы дыпламата:

Вольга Стужынская: “Спадар Козік сапраўды зрабіў такую заяву — гэта могуць пацвердзіць і іншыя прадстаўнікі Форума, што яны і зрабілі на прыватных сустрэчах з намі. Таму вінаваціць СМІ ў дадзеным выпадку не зусім слушна”.

Паводле словаў Стужынскай, Офіс прыкладзе ўсе намаганні, каб у еўраструктурах ведалі, што адбываецца вакол гэтага выпадку.


Калаж з dm-matveev.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі