Вы тут

Беларускі бізнэсовец стаў пастаўшчыком расійскага вугалю ва Украіну

Вугаль / pixabay.com

Кампанія NT Marine, зарэгістраваная ў Эстоніі, атрымала дазвол на пастаўку з Расіі ва Украіну больш як 600 тысяч тон коксу і энергетычнага вугалю ў снежні 2019 года, перадае РБК. Гэты аб'ём складае крыху менш за 50% усіх паставак. 

Яшчэ ў лістападзе кампанія NT Marine ў спісе квотаў не фігуравала. Пастаўкамі займаліся некалькі расійскіх вытворцаў.

Паводле звестак эстонскага рэестра, уладальнікам NT Marine з'яўляецца Аляксей Чулец, які разам з расійскім партнёрам валодаў Паўночным портам Палдзіскі ў Эстоніі. 

Крыніцы РБК паведамілі, што NT Marine займаецца перавозкай нафты і вугалю ва Украіну і ўваходзіць у сферу інтарэсаў беларускага алігарха Мікалая Вараб'я. Тое ж пацвердзіў кіраўнік украінскага Незалежнага саюза гарнякоў і дэпутат Вярхоўнай рады Украіны ад партыі "Бацькаўшчына" Міхаіл Валынец. Ён жа дадаў, што Варабей падтрымлівае адносіны з украінскім палітыкам Віктарам Медзведчуком, кумам Уладзіміра Пуціна.

А крыніца ў адной з буйных расійскіх вугальных кампаній паведаміла журналістам РБК, што кантракт на пастаўку вугалю заключаны не з NT Marine, а з іншай кампаніяй Вараб'я — "Інтэрсэрвісам", якая з'яўляецца найбуйнейшым прыватным нафтатрэйдэрам у Беларусі.

Закупляць расійскі вугаль наўпрост украінскія кампаніі не могуць: гэта забараняюць расійскія санкцыі. Паводле ўкраінскай Дзяржаўнай службы статыстыкі, у 2018 годзе Украіна імпартавала з Расіі 15 млн т вугалю на $1,8 млрд. У 2018 годзе Расія забяспечыла 70% імпарту вуглю ва Украіну, стаўшы найбуйнейшым пастаўшчыком. 

Раней украінскія цеплавыя электрастанцыі (ЦЭС) працавалі на вугалі з усходу краіны. Але вайна на Данбасе адрэзала іх ад гэтых крыніцаў. У сакавіку 2017 года алігарх Рынат Ахметаў заявіў пра страту кантролю над 11 прадпрыемствамі ў так званых "ДНР" і "ЛНР". Пасля гэтага Кіеў стаў лічыць экспарт вугалю, здабытага на гэтых тэрыторыях, незаконным. Украіна была вымушаная купляць вугаль у ЗША, ПАР і Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.