Беларуска Арына Сабаленка выйграла тэнісны турнір у Індыі

Беларуска Арына Сабаленка выйграла тэнісны турнір у Індыі

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала пераможцай у адзіночным разрадзе турніру ў індыйскай Пуне з прызавым фондам 25 тысяч долараў, інфармуе сайт Беларускай тэніснай федэрацыі.

У першым раундзе 17-гадовая беларуска, якая цяпер займае 460-ты радок у рэйтынгу WTA, перамагла Наташу Палью з Індыі — 6:3, 3:6, 6:2. У другім раундзе Сабаленка абышла пятую ракетку турніру, расіянку Валянціну Івахненка 7:6 (2), 7:6 (4). У матчы за выхад у паўфінал беларуска абыграла яшчэ адну “сеяную”, другую ракетку турніру расіянку Паліну Лейкіну — 6:4, 6:2, а ў матчы за выхад у фінал адолела сёмую ракетку турніру, сербку Ніну Стаянавіч — 6:2, 6:2.

У фінале беларуска перамагла расіянку Вікторыю Каменскую — 6:3, 6:4. Дарэчы, на мінулым тыдні Арына Сабаленка стала фіналісткай аналагічнага турніру ў Наві Мумбаі.

Гэта трэцяя перамога беларускі ў адзіночным разрадзе на турнірах IFT і першая — з прызавым фондам 25 тысяч долараў. Увосень Арына выйграла два турніры з прызавым фондам 10 тысяч долараў.

Фота: tennis.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі