Беларусаў прышчэпяць ад звычайнага грыпу, каб яны не памерлі ад “свінога”

У Мінскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі кажуць, што менавіта звычайны грып і забівае хворых на вірус A(H1N1). Але першыя прышчэпкі зробяць толькі праз месяц. Вакцыны ад "свінога" грыпу пакуль няма. А першы хворы на яго ў Беларусі ўжо ёсць! Таму Міністэрства аховы здароўя збіраецца прышчэпліваць беларусаў ад... звычайнага віруса:

“Трэба як мага больш актыўна бараніць нашае насельніцтва ад сезоннага грыпу, — гаворыць загадчыца Аддзялення імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская. — Тады спалучаных цяжкіх формаў і лятальных выпадкаў у нас не будзе”.

Паводле слоў медыка, ускладненні падчас грыпу з’яўляюцца, калі чалавек падхапіў адначасова некалькі вірусаў — напрыклад, сезонны і "свіны". Гэта здараецца амаль з паловай тых, хто захварэў. Адсюль і смерці.

Ірына Глінская раіць прышчапіць дзетак:

“Вакцынуючы такіх дзяцей, якія знаходзяцца ў калектыве, мы папярэджваем хваробы тых, каго не прышчапілі”.

Вакцынаваць будуць па ўсёй краіне. Як даведалася Еўрарадыё, магілёўскія ўлады выдзеляць на гэта 400 мільёнаў рублёў. 120 тысяч бясплатных прышчэпак атрымаюць гамельчане. Астатнія могуць набыць вакцыну за ўласныя грошы. Кошт такіх прышчэпак вагаецца ад 9 да 25 тысяч рублёў, паведамілі нам ў Аддзеле імунапрафілактыкі Гомельскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

Супрацоўніца Аддзела прафілактыкі: “У залежнасці ад таго, якая вакцына. Калі гэта расійская, то яна калі 8-9 тысяч, калі французская, нідэрландская, то даражэй, у мінулым годзе яны былі па 20-25 тысяч”.

Праўда, прышчапіцца можна толькі праз месяц. Летам прышчэпкі не робяцца — нават пад пагрозай "свінога" грыпу!

Супрацоўніца паліклінікі №1: “Гэта звычайна робіцца ўвосень, перад пачаткам зімы. Тады і будзе нейкая інфармацыя. Зараз жнівень, ніякіх прышчэпак не робіцца”.

Еўрарадыё даведалася, якім будзе так званы "каранцін" для дзяцей, якія вяртаюцца з замежных лагераў. У магілёўскім Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі кажуць, што дзеткам давядзецца сядзець дома пад наглядам бацькоў і медыкаў:

Супрацоўнік цэнтра: “Цягам 7 дзён за імі будзе весціся назіранне — можна сказаць, каранцін. То бок, на час інкубацыйнага перыяду хваробы яны не павінны трапіць у арганізаваныя калектывы”.

Фота: pravmir.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі