Беларусь згубіла месца ў фінале "Еўрабачання-2008"

На 50-й штогадовай сустрэчы ў Вероне Тэлевізійны камітэт Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС) прыняў прапанову аргкамітэта конкурсу песні "Еўрабачанне" аб змяненні фармату правядзення конкурсу. Як паведамілі ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе, з 2008 года ў фінал аўтаматычна выходзяць канкурсанты Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Іспаніі і Францыі як краін-заснавальнікаў, а таксама краіна — пераможца папярэдняга конкурсу.

Такім чынам, Сербія, як пераможца "Еўрабачання-2007", аўтаматычна выходзіць у фінал конкурсу наступнага года. Раней права аўтаматычнага выхаду ў фінал, акрамя краін-заснавальнікаў, мелі дзяржавы, чые выканаўцы выйшлі ў дзесятку лепшых.

Нагадаем, на "Еўрабачанні-2007" Беларусь, якую прадстаўляў Дзмітрый Калдун, заняла шостае месца і ўпершыню за гісторыю свайго ўдзелу ў конкурсе з 2004 года атрымала аўтаматычны выхад у фінал.

Цяпер яна гэтае права страціла. Права на выхад у фінал таксама пазбавіліся Украіна і Расія, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы на мінулым конкурсе. Акрамя таго, з 2008 года на конкурсе "Еўрабачанне" будуць праводзіцца два паўфіналы.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі