Вы тут

Беларусь заяўляе, што цалкам расплацілася за расійскі газ, "Газпрам" не згодны

"Газпрам трансгаз Беларусь" чакае, каб Беларусь пагасіла пеню за газ / belarus-tr.gazprom.ru

Міністэрства энергетыкі лічыць, што цалкам разлічылася з "Газпрамам" за сёлетнія пастаўкі газу. "За пастаўлены ў студзені-верасні прыродны газ разлікі зробленыя ў поўным аб'ёме", — перадае TUT.by словы прэс-сакратара Мінэнерга Вольгі Казловіч. Пры гэтым яна не назвала суму, якую пагасіў беларускі бок.

Кампанія "Газпрам трансгаз Беларусь" не лічыць сітуацыю з разлікамі за газ урэгуляванай. Там паведамляюць, што 16 кастрычніка атрымалі ад "Белпалівагаз" і "Нафтана" грошы па запазычанасцях за красавік-верасень 2020 года ("Белпалівагаз") і травень-верасень 2020 года ("Нафтан").

У "газпрамаўскай дачцэ" кажуць, што арганізацыямі "Белпалівагаз" не падпісаныя акты пастаўкі-прыёмкі прыроднага газу і акты зверкі разлікаў за люты-верасень 2020 года. "Нафтан" не падпісаў акты здачы-прыёмкі прыроднага газу за сакавік-верасень і акты зверкі разлікаў за люты-верасень 2020 года. У плацежных дакументах аплачаны перыяд не пазначаны. А таксама беларускія кампаніі не заплацілі пеню за нясвоечасовую аплату газу. 

Таму цяпер "Газпрам трансгаз Беларусь" чакае падпісання дакументаў і аплаты пені. Без гэтага, маўляў, сітуацыя застаецца неўрэгуляванай. 

Раней міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў казаў, што Беларусь зможа пагасіць доўг за газ пасля атрымання крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) на 500 мільёнаў долараў. Крэдыт паступіў у Беларусі сёння. Павеадмляецца, што грошы па мэтавым выкарыстанні былі размеркаваныя на беларускія газазабеспячальныя арганізацыі прапарцыйна аб'ёмам паставак газу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.