Вы тут

Беларусь выставіць рахунак міжнародным арганізацыям за ўтрыманне мігрантаў

Мігранты ў гандлёва-лагістычным цэнтры на беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА

Беларусь мае намер прад'явіць рахунак міжнародным арганізацыямі за ўтрыманне мігрантаў на мяжы Беларусі з краінамі ЕС, заявіў у эфіры беларускага тэлебачання кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Сваю думку ён абгрунтаваў наступным чынам: мігранты імкнуцца ў ЕС, Беларусь толькі "падставіла плячо".

"Але тыя, хто спрыяў узнікненню гэтай сітуацыі, павінны цяпер садзіцца за стол перамоваў і вырашаць, якім чынам кампенсаваць выдаткі дзяржавы, але самае галоўнае — якім чынам дапамагчы гэтым няшчасным людзям выйсці з цяжкай жыццёвай сітуацыі", — заявіў Каранік.

Мігранты — гэта праблема міжнароднай супольнасці, лічыць кіраўнік Гродзенскай вобласці. Таму ўзяць фінансавую адказнасць за мігрантаў і кампенсаваць Беларусі выдаткі павінны "міжнародныя грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі".

Калі сітуацыя была вострай, калі "людзі замярзаюць і галадаюць, то не да падлікаў", але цяпер такой напружанасці няма.

"Натуральна, усё будзе палічана і прад'яўлена", —  сказаў ён. Каранік перакананы, што мігранты, якія знаходзяцца ў Беларусі, маюць права "падаць прашэнне аб прадастаўленні статусу бежанца ў ЕС". А тое, што з Беларусі рэалізаваць гэта права праблематычна — гэта пытанне "заходніх партнёраў".

"І выдаткі, звязаныя з тым, што нашы заходнія партнёры не зусім разумеюць, якім чынам наладзіць механізм рэалізацыі гэтых правоў, гэтыя выдаткі рэспублікі павінны быць кампенсаваныя", — заявіў ён.

Раней прадстаўнік Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце распавядала, што суткі знаходжання мігрантаў у лагістычным цэнтры каля пункта пропуску "Брузгі" абыходзяцца прыкладна ў 20 тысяч еўра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.