Беларусь выклікалі сведкай у міжнародны суд

У міжнародным судзе ў Гаазе працягваюцца слуханні аб законнасці абвяшчэння незалежнасці Косава ад Сербіі. Еўрарадыё вырашыла высветліць, чаму там нашая дзяржава падтрымлівае братоў-славян, а з прызнаннем Абхазіі і Паўднёвай Асеціі цягне час На слуханнях у міжнародным гаагскім судзе выступяць прадстаўнікі 28 краін. Усе сталыя чальцы Савета Бяспекі ААН прымаюць удзел у працэсе.

Беларусь у гэтай спрэчцы на баку Сербіі. А паралелі з пазіцыяй афіцыйнага Мінску па сітуацыі з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй праводзіць нельга, кажа палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: "Прызнанне Косава і прызнанне расійскіх пратэктаратаў незалежнымі дзяржавамі нельга разглядаць аднолькава. Што тычыцца пазіцыі Беларусі, то яна як суверэнная дзяржава мае права на сваю пазіцыю, якая не заўсёды можа адпавядаць пазіцыі большасці, але, падкрэсліваю, не ўсіх еўрапейскіх краін у адносінах да Косава. Чым яшчэ гэта можа быць выклікана? Гэта своеасаблівы прыём заявіць пра сябе на міжнароднай арэне".

Безумоўна, мы павінны ўлічваць і даволі шчыльныя стасункі з Сербіяй, якая супраць незалежнасці Косава, заўважае Раман Якаўлеўскі.

Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў, наадварот, лічыць, што ніякіх цесных сувязяў у Беларусі з Балканамі няма, таму можна дэманстраваць прынцыповасць.

Андрэй Суздальцаў: "Беларусь тут не адна. Частка краінаў Еўрасаюза, нават якія ўваходзяць у НАТА, не прызнаюць незалежнасць Косава і адначасова не падтрымліваюць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Напрыклад, Румынія. Гэтая пазіцыя сустракаецца даволі часта. Яна выглядае так, што ўсе супраць змены межаў дзяржавы. Балканы для Беларусі  — не вельмі гарачая тэма, адносіны слабыя, эканамічныя сувязі нязначныя. Тут можна дэманстраваць сваю прынцыповасць".

Нагадаем, слуханні працягнуцца да 11 снежня, пасля чаго суд вынесе кансультатыўнае рашэнне. Незалежнасць Косава прызнаюць 63 краіны, сярод якіх Францыя, Нямеччына, Вялікабрытанія, ЗША.



Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі