Беларус прабег у Польшчы марафон у кроксах і падаў заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінеса

Тарас Цялькоўскі

Тарас Цялькоўскі / фота з асабістага архіва

Беларускі пастар Тарас Цялькоўскі выйшаў на марафон у Лодзі ў гумовых тапачках-кроксах. Дыстанцыю ён прабег за дзве гадзіны 36 хвілін і 29 секунд. Хаця гэта пакуль яшчэ не афіцыйны сусветны рэкорд, беларус хоча зарэгістраваць дасягненне ў Кнізе рэкордаў Гінеса, піша выданне MOST.

Папярэдні рэкорд зарэгістарваў брытанец Томі Трыз: у 2025 годзе ў Лондане ён паказаў час 2:48:48. Цялькоўскі 12 красавіка палепшыў гэты рэкорд больш чым на 12 хвілін.

Дарэчы, пры канцы 2024 года у іспанскай Малазе беларус прабег марафон за яшчэ меншы час — 2:35:03. Але рэкорд не зарэгістравалі, бо Цялькоўскі не падаў папярэднюю заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

"Па правілах спачатку трэба падаць заяўку і атрымаць яе ўхваленне. Затым адправіць на ўзгадненне абутак, у якім плануеш бегчы. Пасля гэтага спроба павінна быць выкананая на афіцыйным старце, а ўсе доказы — пацверджанне ад арганізатараў і відэаматэрыялы — неабходна сабраць і адправіць у Кнігу рэкордаў", — падзяліўся Цялькоўскі падрабязнасцямі.

Гэтым разам беларус зрабіў усе неабходныя захады загадзя.

Тарас Цялькоўскі жыве ў Польшчы з 2021 года. У Беларусі ён у 2017 годзе прабег 500 кіламетраў па Мінску ў гонар 500-годдзя выдання Бібліі Францішка Скарыны. У 2020 годзе ён асудзіў гвалт у краіне і быў затрыманы падчас пратэстаў, а ў 2021-м быў вымушаны пакінуць Беларусь.

У Польшчы ён неаднаразова станавіўся прызёрам розных стартаў. Улетку 2023 года беларус праехаў на ровары 850 кіламетраў уздоўж мяжы Беларусі і Еўрасаюза, каб прыцягнуць увагу да лёсу палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.