Беларусь падрыхтавала адказы на заўвагі Рассельгаснагляду пасля праверкі

Беларусь падрыхтавала адказы на заўвагі Рассельгаснагляду пасля праверкі

Мінсельгасхарч Беларусі падрыхтаваў адказы на ўсе заўвагі Рассельгаснагляду, якія той выставіў пасля красавіцкай праверкі беларускіх прадпрыемстваў. Праверка прайшла 5-13 красавіка. 

На гэтым тыдні прадстаўнікі Беларусі плануюць правесці перамовы ў Маскве па пастаўках беларускай прадукцыі на расійскі рынак, заявіў намеснік міністра Мінсельгасхарчу Аляксандр Субоцін.

"Сёння буду тэлефанаваць. Планую паехаць на гэтым тыдні. Калі не атрымаецца — то на наступным, пасля выхадных. Тут няма жорсткіх тэрмінаў. Мы падрыхтавалі адказы на ўсе заўвагі па выніках першага этапу красавіцкай праверкі. Паедзем, каб правесці чарговую рабочую сустрэчу і вызначыцца са зняццем абмежаванняў з астатніх прадпрыемстваў", — цытуе ТАСС словы чыноўніка. 

Беларускі бок разлічвае, што Рассельгаснагляд здыме абмежаванні з усіх прадпрыемстваў, правераных у красавіку. Нагадаем, што ў красавіку Расія зняла санкцыі з двух беларускіх прадпрыемстваў — "Вялес-Міт" і "Бабушкина крынка".

Па словах Субоціна, шэраг беларускіх прадпрыемстваў (пераважна прыватных, невялікіх) быў зачынены ўласна беларускай ветэрынарнай інспекцыяй, бо на іх выявілі "некаторыя недахопы". Чыноўнік назваў галоўнай задачай "захаваць для экспарту буйных добрасумленных пастаўшчыкоў, з сусветным брэндам". Такімі прадпрыемствамі ён назваў ваўкавыскі "Беллакт", Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат, Калінкавіцкі малочны і Бярозаўскі сыраробны камбінаты. Расія ўвяла абмежаванні на пастаўкі іх прадукцыі ў жніўні мінулага года.

Дарэчы, чарговая праверка Рассельсгаснагляду працуе на беларускіх прадпрыемствах, якія трапілі пад абмежаванні, ужо цяпер.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі