Беларусь не будзе пераходзіць на расійскі рубель, заявіў міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў у эфіры "Беларусь 1".
"Пра такое нават як бы... Ніколі пра гэта гаворкі наўпрост не ішло па вялікім рахунку. Для чаго нам гэта?" — сказаў ён.
У цяперашні час прапрацоўваецца іншае пытанне — аб тым, каб Беларусь і Расія ва ўзаемным гандлі "выкарыстоўвалі тую валюту, якая ёсць у нашых дзяржаў".
Да прыкладу, узаемаразлікі паміж краінамі па ўвазных мытных пошлінах да гэтага часу канвертаваліся праз долар, нагадаў міністр. Цяпер (відавочна, ва ўмовах санкцый і сур'ёзнай дэвальвацыі валют РФ і РБ) гэта "перашкаджае правядзенню плацяжоў".
"Таму я ўпэўнены, што мы ў бліжэйшы час пяройдзем альбо да нацыянальных валют, альбо да расійскага рубля", — сказаў Селіверстаў.
У гэтым жа інтэрв'ю Селіверстаў распавёў, што Расія дала Беларусі адтэрміноўку асобных плацяжоў па дзяржкрэдытах на пяць-шэсць гадоў. Гэта дазволіць Мінску, па яго словах, "у дадзены момант не адцягваць рэсурсы для таго, каб мы абслугоўвалі нашы абавязацельствы і пагашаць іх з нашымі партнёрамі з Расіі". Частка вызваленых сродкаў будзе накіравана "на падтрымку тых сектараў, якія дазволяць палепшыць узаемны гандаль, асабліва ў гэты санкцыйны перыяд".
Нагадаем, у 2022 годзе Беларусь павінна выплаціць па знешніх абавязацельствах больш за 5 млрд рублёў. 3,3 млрд з іх — гэта расійскія крэдыты.