Беларусь можа перайсці ў разліках на расійскі рубель

Беларусь і Расія ў хуткім часе правядуць перамовы аб механізме пераходу ў разліках на расійскі рубель, паведаміў 28 лістапада журналістам намеснік прэм'ер-міністра Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, беларускі бок падтрымлівае прапановы Расіі аб пераходзе ў разліках на расійскі рубель. "Але для таго, каб гэтыя разлікі ажыццяўляліся, патрэбны пэўныя аб'ёмы расійскіх рублёў. Гэта з'яўляецца прадметам перамоў. Мы разлічваем, што ў хуткім часе іх правядзем", — сказаў віцэ-прэм'ер.

Ён таксама паведаміў, што Беларусь атрымае другі транш расійскага крэдыту ў 1 млрд. долараў у лютым 2009 года.

"Нядаўна мы атрымалі першую частку расійскага крэдыту на суму 1 млрд. долараў, і ёсць перспектыва, што ў лютым атрымаем яшчэ 1 млрд. долараў", — сказаў А.Кабякоў. Ён не выключыў таго, што гэтыя рэсурсы могуць быць атрыманы ў эквіваленце расійскіх рублёў.

"Гэта не так важна, у якой валюце атрымаць рэсурсы, мы гэта прадметна будзем абмяркоўваць да ўстаноўленага тэрміну атрымання крэдыту", — зазначыў віцэ-прэм'ер.
БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі