Беларусь мае 48 ліцэнзій у 5 дысцыплінах на Алімпіяду ў Ванкуверы

Беларускія атлеты заваявалі 48 ліцэнзій у 5 спартовых дысцыплінах на XXI зімовыя Алімпійскія гульні ў Ванкуверы.  23 спартоўцы прадставяць Беларусь у Ванкуверы ў складзе нацыянальнай хакейнай каманды, паведамляе БЕЛТА.

У фрыстайле 4 допускі атрымалі нашы мужчыны. Чакаецца, што яшчэ 2 пуцёўкі змогуць заваяваць жанчыны.

У біятланістаў адбор праходзіў па выніках двух папярэдніх чэмпіянатаў свету. Беларуская квота — 10 спартоўцаў (5 мужчын і 5 жанчын).

Канькабежцы, так сама як і прадстаўнікі шорт-трэка, разыграюць алімпійскія ліцэнзіі ў будучым сезоне.

Фігурысты не трапілі на Гульні па выніках чэмпіянату свету. Але прадстаўнік нашай краіны Аляксандр Казакоў паспрабуе прабіцца ў Ванкувер у дадатковых адборачных спаборніцтвах.

У лыжным дваяборстве Іван Собалеў выканаў алімпійскі кваліфікацыйны нарматыў. Аднак афіцыйнае рашэнне Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FIS) чакаецца толькі 18 студзеня 2010 года, калі нацыянальныя алімпійскія камітэты ўсіх краін атрымаюць канчатковыя спісы спартоўцаў, якія выканалі нарматывы. НАК, у сваю чаргу, да 25 студзеня павінен пацвердзіць удзел гэтых атлетаў у Гульнях.

У лыжных гонках Беларусь мае 10 пропускаў у Ванкувер (5 мужчынскіх і 5 жаночых), але тут таксама неабходна чакаць афіцыйнага рашэння Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту.

У горналыжным спорце чакаецца заваёва двух ліцэнзій у жаночай камандзе.

Агулам Беларусь плануе выставіць спартоўцаў у 9 відах алімпійскай праграмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі