Вы тут

Беларусь дэпартуе ў Іран мужчыну, якому пагражае там смяротная кара

Мехрдад Джамшыдзіян / TUT.by

Беларусь прыняла рашэнне пра дэпартацыю ў Іран Мехрдада Джамшыдзіяна, якому там пагражае смяротная кара. Выслаць мужчыну могуць на працягу тыдня, паведамляе праваабарончая арганізацыя Human Constanta.

Джамшыдзіян жыў у Беларусі з 1993 года. Тут у яго бізнэс, ён ажаніўся, і ў яго нарадзіліся трое дзяцей — усе грамадзяне Беларусі.

У 2012 годзе ў Іране былі забітыя яго брат і маці. Паводле матэрыялаў следства, гэта адбылося ў верасні, калі Мехрдад быў у Беларусі, адзначаюць праваабаронцы. Але менавіта яго сталі падазраваць у забойстве. Іранскія ўлады сем гадоў таму даслалі запыт на экстрадыцыю Джамшыдзіяна. Тады Беларусь вырашыла, што дакументы, пададзеныя Іранам, недастаткова доказныя.

З таго часу іранца некалькі разоў арыштоўвалі, пазбавілі пасведчання на права жыхарства, не даюць грамадзянства, адмовіліся даць статус бежанца. Апошні раз ён быў затрыманы ў чэрвені 2018 года і дагэтуль знаходзіцца ў ізалятары. Паведамляецца, што ў турме ў яго здарыўся сардэчны прыступ, у яго сына быў рак касцявога мозгу, а зараз на рак захварэла яго жонка.

Напрыканцы снежня 2017 года Камітэт ААН па правах чалавека выявіў, што пры вяртанні ў Іран яму пагражаюць катаванні і смяротнае пакаранне. Камітэт запатрабаваў, каб Беларусь не высылала Джамшыдзіяна ў Іран. Беларусь прытрымлівалася гэтага рашэння, але цяпер вырашыла дэпартаваць мужчыну. 

Праваабаронцы з Human Constanta заклікаюць МЗС Беларусі выканаць рашэнне Камітэта ААН. "Заканадаўства нашай краіны таксама забараняе высылаць чалавека ў замежную дзяржаву, калі там яму пагражае смяротнае пакаранне і катаванні", — нагадваюць яны.

Правабаронцы даслалі свой зварот у МЗС і прапануюць усім ахвочым далучыцца да яго. Тэкст звароту можна знайсці па гэтай спасылцы. Адправіць яго можна па электронным адрасе, абазначаным у лісце. 

"Спампуйце ліст сабе на камп'ютар і змяніце адзначаныя жоўтым палі. Абавязкова ўкажыце сваё прозвішча і ініцыялы, а таксама адрас рэгістрацыі, бо разглядаюцца звароты толькі з гэтымі рэквізітамі. Таксама вы можаце ўказаць адрас электроннай пошты для адказу", — кажуць аўтары звароту.

Больш важных падзей тыдня ў выніковай праграме ЕЎРАЗУМ: