БДІПЧ АБСЕ заклікае беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротную кару

БДІПЧ АБСЕ заклікае беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротную кару

Дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Майкл Лінк асудзіў той факт, што ў Беларусі выкананыя смяротныя прысуды. Ён заклікаў афіцыйны Мінск увесці неадкладны мараторый на выкананне смяротных прысудаў.

"Даклады аб выкананні смяротных прысудаў з'яўляюцца прычынай для сур'ёзнай трывогі, паколькі працяг смяротных прысудаў у Беларусі ідзе насуперак з ростам міжнароднай тэндэнцыі па адмене гэтага па сваёй сутнасці жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага годнасць віду пакарання", — гаворыцца ў заяве Лінка, якую цытуе interfax.by.

У БДІПЧ падкрэсліваюць, што дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ ўзялі на сябе абавязанне трымаць на разглядзе пытанне аб адмене смяротнага пакарання. Сярод 57 дзяржаў-удзельніц АБСЕ смяротная кара захоўваецца толькі ў ЗША і Беларусі.

Днямі стала вядома, што 5 лістапада ў Беларусі былі выкананыя адразу тры смяротныя прысуды: у дачыненні да жыхара Вілейкі Генадзя Якавіцкага, жыхара Лідскага раёна Івана Куляша і жыхара Мінскага раёна Сяргея Хмялеўскага. Агулам сёлета былі выкананыя чатыры смяротныя прысуды.

Праваабаронцы мяркуюць, што неўзабаве смяротныя прысуды могуць атрымаць яшчэ некалькі чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі