Байкер, які атрымаў 5 гадоў за ДТЗ з інспектарам, абскардзіў прысуд

Байкер, які атрымаў 5 гадоў за ДТЗ з інспектарам, абскардзіў прысуд

Сяргей Шаўцоў падаў касацыйную скаргу ў Мінгарсуд. Гэтую інфармацыю Еўрарадыё пацвярджае Павел Калтуновіч, адвакат асуджанага байкера.

Рэзананснае ДТЗ здарылася ў цэнтры Мінска 18 красавіка. Матацыкл Шаўцова выляцеў на праспект Незалежнасці, пацягнуўшы за сабой інспектара ДАІ Таўпінца. Пасярод скрыжавання здарылася сутыкненне з інкасатарскай машынай. Міліцыянер атрымаў сур’ёзныя траўмы галавы, паўтара месяцы быў у коме, але выжыў і збольшага аднавіўся.

У канцы кастрычніка судом Цэнтральнага раёна Мінска Шаўцова пазбавілі волі на пяць гадоў за супраціўленне міліцыянеру і за парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула цяжкія цялесныя пашкоджанні. 

Аднак у многіх гучны суд над матацыклістам выклікаў пытанні. Па-першае, не кожны паверыў, што байкер сапраўды ўцякаў ад інспектара ДАІ. Паехаць на чырвонае святло прама пад колы шчыльнаму патоку транспарту, які рухаўся перпендыкулярна па галоўным праспекце краіны — гэта вар’яцтва. Па-другое, на відэа, якое распаўсюдзіў Следчы камітэт, бачна, што міліцыянер схапіўся за руль матацыкла. Атрымліваецца, што ён таксама мог кіраваць байкам.

Аднак на судзе спробы адвакатаў ці сведкаў апраўдаць Шаўцова часта абсякаліся пракурорам. У той жа час словы на карысць інспектара Таўпінца такой рэакцыі не выклікалі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі