Вы тут

Байдэн — Зяленскі: "мужчынская размова" і "амбіцыйны план" на $277 мільярдаў

Уладзімір Зяленскі ў час візіту ў Вашынгтон / "Грамадскае"

У Вашынгтоне — душна і вельмі горача. Пакуль вечар не прыносіць доўгачаканай прахалоды, шпацыруючы па яго незвычайна шырокіх вуліцах, рызыкуеш атрымаць сонечны ўдар. Не звыкліся з такім надвор'ем і мясцовыя жыхары: яны хаваюцца ад спёкі пераважна па дамах.

Гэтая атмасфера амерыканскай сталіцы — практычна пустыя вуліцы і незвычайная спёка — дзіўным чынам нагадвала і пра стаўленне да двухдзённага візіту дэлегацыі Украіны. Уся ўвага ў ЗША прыкавана да ўрагану "Іда", які бушуе ў Місуры. Але яшчэ больш важная падзея тут — вывад войскаў з Афганістана, менавіта гэта стала прычынай пераносу сустрэчы Уладзіміра Зяленскага і Джо Байдэна з 30–31 жніўня на 1 верасня.

Да пераносу даты ўкраінская дэлегацыя ставіцца з разуменнем: маўляў, прычыны важкія і зразумелыя, галоўнае — каб сустрэча адбылася і бакі абмяняліся меркаваннямі. Заўвагі пра тое, што канец жніўня — у прынцыпе няўдалы час для візіту ў ЗША, адпрэчваюць.

"У нас праходзіць вельмі паспяховы візіт з канкрэтнымі дамоўленасцямі. І па тым, як адміністрацыя Байдэна ставіцца да гэтага візіту, мы не бачым у гэтым [у пераносе сустрэчы. — Рэд.] негатыўнага кантэксту", — кажа нам кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба.

Пра што дамовіліся ў Вашынгтоне два прэзідэнты і як будуць будавацца адносіны Украіны і ЗША ў эпоху Зяленскага-Байдэна — у эксклюзіўным рэпартажы "Грамадскага" з амерыканскай сталіцы.

Энергетычная бяспека і "Паўночны паток — 2"

Праца ўкраінскай дэлегацыі пачынаецца крыху пазней за 8-ю раніцы 31 жніўня. З гатэля Хэй-Адамс, размешчанага за паркам насупраць Белага дома, выходзіць Уладзімір Зяленскі. Яго сустракаюць некалькі ўкраінскіх журналістаў і шасцёра ўдзельнікаў здымачнай групы тэлеканала "Расія 1" — толькі для таго, каб спытаць пра "ўціск рускай мовы ва Украіне". Сам Зяленскі проста паказвае вялікі палец на камеру і з'язджае.

У складзе дэлегацыі з Украіны — міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба, міністр абароны Андрэй Таран, міністр энергетыкі Герман Галушчанка, кіраўнік НАК "Нафтагаз" Юрый Вітрэнка, міністр лічбавай трансфармацыі Міхаіл Фёдараў, кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак, яго намеснік па міжнародных справах Андрэй Сібіга, кіраўнік пратакола Ігар Брусіла і не толькі.

Ва ўкраінскай дэлегацыі на два дні было запланавана да двух дзясяткаў мерапрыемстваў і сустрэч — пачынаючы з візіту ў Міністэрства энергетыкі ЗША і заканчваючы прэзентацыяй плана трансфармацыі Украіны. Былі і больш пратакольныя — напрыклад, ускладанне кветак да мемарыяла ахвярам Галадамору ці ўдзел у мерапрыемстве на знакамітых Арлінгтонскіх могілках.

Сімвалічна, што Зяленскі ў першую чаргу сустрэўся з міністрам энергетыкі ЗША Джэніфер Грэнхальм, якая прадстаўляла краіну на саміце "Крымскай платформы" ў Кіеве напярэдадні 30-й гадавіны Дня незалежнасці Украіны і на яе палях правяла трохбаковыя кансультацыі (разам з Германіяй) наконт "Паўночнага патоку — 2".

Здавалася, пасля амерыканска-германскага пагаднення гісторыя з расійскім газаправодам для Вашынгтона вычарпаная. Але ў Кіеве лічаць, што перашкодзіць завяршэнню будаўніцтва "Патоку-2" усё яшчэ можна. Ці хаця б мінімізаваць рызыкі.

"Паміж стратэгічнымі партнёрамі — дзвюма краінамі, якія супрацоўнічаюць між сабой па многіх пунктах, — могуць быць адрозненні", — дыпламатычна тлумачыць нам былы амбасадар ЗША ва Украіне Вільям Тэйлар. Паводле яго слоў, Кангрэс ЗША таксама, як і Украіна, не верыць у няўхільнасць "Паўночнага патоку — 2" і спрабуе спыніць яго з дапамогай санкцый.

У час сустрэчы Грэнхальм і Галушчанка падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, дзе гаворыцца, сярод іншага, пра дыверсіфікацыю крыніц энергіі, якая гарантуе энергетычную бяспеку краіны. Таксама бакі дамаўляюцца пра будаўніцтва энергаблока Хмяльніцкай АЭС. На думку ж украінскага прэзідэнта, расійскі газ — "самы брудны ў свеце" праз вытворчыя выдаткі, "карупцыю, шантаж і маніпуляцыі".

$30 млрд для сельскагаспадарчага і лічбавага хаба

Некалькімі гадзінамі пазней кіраўнік Пентагона Лойд Остын гаворыць пра $60 млн ваеннай дапамогі, вылучаных Байдэнам напярэдадні. Ён запэўнівае: ЗША будуць падтрымліваць Украіну ў абароне суверэнітэту ад расійскай агрэсіі. А таксама — будуць спрыяць інтэграцыі ў НАТА. Да гэтай тэмы ўкраінскі бок збіраецца вярнуцца.

Уладзімір Зяленскі і яго жонка Алена ў час украінска-амерыканскіх перамоў у Вашынгтоне / "Грамадскае"

У амерыканскім Мінабароны Остын і Таран падпісалі адно з ключавых пагадненняў паміж Украінай і ЗША — аб стратэгічных асновах абароннага партнёрства. Дакумент тэрмінам на пяць гадоў прадугледжвае паглыбленае супрацоўніцтва паміж абароннымі ведамствамі абедзвюх краін у сферы кібербяспекі, бяспекі Чарнаморскага рэгіёна і выведкі, а таксама рэформы абароннага сектара.

Таксама Украіна і ЗША ўзгаднілі абмен перадавымі распрацоўкамі і мытнай інфармацыяй, наладжванне канала абароненай сувязі і супрацоўніцтва ў авіяцыйнай і касмічнай сферах.

Але своеасаблівым гваздом праграмы стаў анонс плана трансфармацыі Украіны — дзесяцігадовага праекта коштам да $30 млрд, які дапаможа ператварыць краіну ў энергетычны, сельскагаспадарчы і лічбавы хаб і фарпост бяспекі.

"Гэта тое, пра што экспертная супольнасць гаварыла досыць даўно — што Зяленскаму трэба было ехаць у Вашынгтон з канкрэтнай стратэгіяй дзеянняў, — адзначае эксперт Савета знешняй палітыкі "Украінская прызма" Аляксандр Краеў. — Калі мы не можам паказаць больш практычныя вынікі рэформаў, калі яны ў нас у асноўным планавыя, такая стратэгія і ёсць свайго роду лакмусавай паперай, што мы ад рэформаў не адмаўляемся і гэта — працэс незваротны".

Свой план трансфармацыі ўкраінскі прэзідэнт анансаваў у Маўнт-Вернане — сядзібе першага прэзідэнта ЗША Джорджа Вашынгтона, якая цяпер служыць музеем. Пачуўшы, што Вашынгтон каля васьмі гадоў узначальваў барацьбу за незалежнасць ЗША (і перамог), Зяленскі адзначыў: "У нашай краіне, на жаль, восьмы год ідзе вайна. Мы таксама вельмі верым у перамогу, і тое, што мы знаходзімся тут, — гэта, магчыма, добры знак".

Зяленскі таксама анансаваў, што ў плане трансфармацыі Украіны закладзеныя больш за 80 праектаў на агульную суму $277 млрд. Гаворка ідзе пра прыцягненне праграм міжнароднай дапамогі, крэдытаў, інвестыцый. Прэзідэнт адзначыў, што спадзяецца, што амерыканскія партнёры "актыўна далучацца да рэалізацыі гэтага амбіцыйнага плана".

Вашынгтон у час сустрэчы Байдэна і Зяленскага / "Грамадскае"

Канкрэтныя крокі па ўвасабленні гэтага плана абяцаюць паказаць восенню — да пасяджэння Камісіі па стратэгічным партнёрстве на чале з Кулебам і яго амерыканскім візаві Энтані Блінкенам. Камісія гэтая, дарэчы, не збіралася з 2018 года. І ўжо гэты факт, а таксама згадка "плана трансфармацыі" ў агульнай заяве Зяленскага і Байдэна сведчаць: Вашынгтон ініцыятыву ўхваліў.

У час прэзентацыі плана Зяленскага вядоўца і галоўная рэдактарка ўкраінскай службы "Голаса Амерыкі" Міраслава Гангадзэ спытала прэзідэнта пра барацьбу з карупцыяй — тэму, якая не раз падымалася ў адносінах Украіны і ЗША. Зяленскі заявіў, што гэтая барацьба залежыць ад судовай рэформы і паўнавартаснай працы праграмы "дзяржава ў смартфоне" (праграма "Дія", электронны сэрвіс дзяржаўных паслуг, распрацаваны Міністэрствам лічбавай трансфармацыі Украіны. — Рэд.). Яна мінімізуе ўплыў чыноўнікаў на розныя працэсы і, адпаведна, павінна будзе паменшыць карупцыйныя схемы.

"Гэта фундаментальныя рэчы. У гэтым кірунку, у барацьбе з карупцыяй, я лічу, што мы ўжо перамаглі. А ацэняць і будуць выкарыстоўваць ужо наступныя людзі, наступныя прэзідэнты", — заявіў Зяленскі.

Сустрэча ў Белым доме

Другі дзень у Вашынгтоне мы праводзім у чаканні самай галоўнай часткі візіту — сустрэчы Зяленскага і Байдэна. Да поўдня ўкраінскі прэзідэнт удзельнічае ў цырымоніі ўскладання вянка на знакамітых Арлінгтонскіх могілках, прэзентуе "план трансфармацыі" амерыканскаму бізнесу і выступае з прамовай у Мемарыяльным музеі Халакосту.

Допуск на тэрыторыю Белага дома — пасля ПЛР-тэставання, нават калі вы цалкам вакцынаваныя і ў масцы.

За лічаныя хвіліны да прыезду Зяленскага, якраз калі ўкраінскіх журналістаў пусцілі за вароты Белага дома, не вытрымлівае нават надвор'е — пачынаецца дождж. А потым — акурат да прыезду картэжу — на некалькі хвілін змаўкае. І далей зноў лье (і будзе ліць увесь дзень).

У гэты час у цеплыні авальнага кабінета Байдэн і Зяленскі абменьваюцца нарыхтаванымі прывітаннямі і кажуць прэсе пра план сустрэчы. Амерыканскі прэзідэнт адзначае, што адносіны паміж краінамі як ніколі моцныя і будуць яшчэ мацнейшыя. І ўспамінае сваю прамову ў Вярхоўнай Радзе ў снежні 2015 года, у якой ён кажа, што спадзяецца "аднойчы вярнуцца" ў Кіеў.

Вашынгтон у час сустрэчы Байдэна і Зяленскага / "Грамадскае"

Зяленскі, у сваю чаргу, адзначае жаданне Байдэна сустрэцца "ў гэты няпросты час" — на фоне эвакуацыі амерыканскіх войскаў з Афганістана і ўрагану "Іда", які абрынуўся на ўсходняе ўзбярэжжа ЗША. Выказвае спачуванне з нагоды 13 амерыканскіх вайскоўцаў, загінулых з прычыны тэракта ў Кабуле 25 жніўня. "Мы разумеем гэты боль", — дадае ўкраінскі прэзідэнт.

Перамовы Зяленскага і Байдэна спачатку праходзяць у складзе дэлегацый, а потым — сам-насам. Замест запланаваных 40 хвілін яны доўжацца крыху больш за дзве гадзіны.

"Класічная дыпламатыя кажа пра тое, што калі запланаваная сустрэча была пашыраная на хаду, то былі знойдзеныя або пункты судакранання, па якіх праца пайшла наперад, або праблемныя пункты, якія патрабуюць абмеркавання. Абодва выпадкі для нас — пазітыў", — тлумачыць Аляксандр Краеў.

"Нашы адносіны — краевугольны камень для бяспекі, дэмакратыі і правоў чалавека ва Украіне і ва ўсім рэгіёне. Мы падтрымліваем глыбокія і ўсёабдымныя рэформы, неабходныя для ўвасаблення еўрапейскіх і еўраатлантычных памкненняў Украіны... Яе поспех мае цэнтральнае значэнне для глабальнай барацьбы паміж дэмакратыяй і аўтакратыяй", — гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках перамоў.

Заява большая, чым чакалася, і складаецца з пяці блокаў: бяспека і абарона; дэмакратыя, правасуддзе і правы чалавека; энергетычная бяспека і клімат; эканамічны рост і росквіт; процідзеянне пандэміі і гуманітарная дапамога. У заяве паўтараюцца ўжо дасягнутыя дамоўленасці (напрыклад, рамачнае абароннае пагадненне) і змяшчаюцца новыя (напрыклад, $12,8 млн фіндапамогі Украіне для барацьбы з пандэміяй). Таксама ЗША ў 2021 годзе плануюць вылучыць на падтрымку рэформаў ва Украіне $463 млн.

Пакуль СМІ чытаюць заяву, Зяленскі едзе ў Кангрэс для сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскага кокуса — групы з больш чым 30 амерыканскіх парламентарыяў, якія падтрымліваюць Украіну. Іх на сустрэчы было толькі восем: цяпер сезон адпачынкаў і кангрэсмены не ў Вашынгтоне. Але і гэтая колькасць, запэўнівае нас Вільям Тэйлар — добры знак.

"Гэта сведчанне таго, якое значэнне кангрэсмены надаюць гэтай сустрэчы. Яны былі гатовыя вярнуцца з адпачынкаў, нават ва ўмовах урагану, і сустрэцца з Зяленскім і яго дэлегацыяй", — тлумачыць былы амбасадар ЗША ва Украіне.

Усё лепш, чым чакалася

Пасля гэтай сустрэчы Зяленскі з'язджае на адкрыццё Украінскага дома — цэнтра ўкраінскай культуры ў сталіцы ЗША. Там ён мае зносіны з украінскімі журналістамі і расказвае пра "мужчынскую размову" з Байдэнам, якая "не ўвесь час была ў сонечнай атмасферы". Зяленскі запэўнівае, што з боку амерыканскага прэзідэнта "негатыву адносна яго, яго каманды, Офіса прэзідэнта не было".

Галоўныя тэмы, якія абмяркоўвалі Зяленскі і Байдэн, відавочныя: Крым і Данбас, "Паўночны паток — 2", НАТА. Украінскі прэзідэнт перадаў амерыканскаму падрыхтаваныя загадзя фарматы ўдзелу ва ўрэгулявання вайны на Данбасе, у тым ліку з дапамогай "нармандскага фармату". Ён заяўляе, што слова "Крым" у размове гучала вельмі часта.

Што да "Патоку-2", то Зяленскі гаворыць пра "вялікую перамогу" — гарантыі амерыканскіх санкцый супраць расійскага трубаправода, калі Расія "створыць энергетычныя праблемы для Украіны". Мабыць, гэта тыя "канкрэтныя рэчы і гарантыі", за якія ўкраінскі прэзідэнт абяцаў змагацца напярэдадні. Хоць падобнае абавязацельства Вашынгтон разам з Германіяй давалі і ў сваёй сумеснай заяве крыху больш за месяц да гэтага.

Знакамітыя Арлінгтонскія могілкі / "Грамадскае"

Але адносна НАТА пазіцыя ЗША засталася нязменнай: яны падтрымліваюць далучэнне Украіны да Альянсу, хоць канкрэтных тэрмінаў не называюць. Напярэдадні Зяленскі заяўляў, што для Украіны сяброўства  ў НАТА — гэта "пытанне тактыкі", тады як для ЗША і Еўропы — стратэгіі. "Але мы чакаць не можам", — казаў ён.

У цэлым і перамовы, і выніковая заява Байдэна і Зяленскага прайшлі лепш, чым можна было чакаць, лічыць Аляксандр Краеў: "Гэта паказвае, што Украіну ўспрымаюць не проста як яму, якую трэба засыпаць грашыма і дапамогай, каб яна проста функцыянавала. Украіну ўспрымаюць як партнёра; не як праблему, а як патэнцыйнае рашэнне праблемы".

"Я лічу, украінская дэлегацыя прыехала добра падрыхтаванай. Яны падрыхтавалі прэзентацыю сваёй дыпламатычнай, палітычнай, эканамічнай, інвестыцыйнай стратэгіі і стратэгіі бяспекі. Яе важна было прэзентаваць у СМІ, а праз іх — амерыканцам і ўкраінцам, каб паказаць: паміж Украінай і ЗША існуе партнёрства", — дадае Вільям Тэйлар.

Як пацвярджэнне гэтага амерыканскага прэзідэнта можна чакаць ва Украіне ўжо ў наступным, 2022 годзе, мяркуе Тэйлар.

Пры падтрымцы "Медиасети"
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.