Пакуль што Украіна сам-насам змагаецца з Расіяй, якая пераўзыходзіць яе па сілах. Дапамога Захаду ёсць, але грошы і “Джавеліны” — гэта ўсё ж не поўнамаштабная ваенная падтрымка ад Еўропы і ЗША.
Ці дапаможа нарэшце NATO украінцам?
— Гэтага, хутчэй за ўсё, не будзе, — лічыць гісторык, публіцыст Аляксандр Фрыдман. — Я захапляюся рэалізмам Зяленскага. Ён абсалютна рэальна ацэньвае становішча. Увядзенне міратворцаў з боку NATO ці нейкая больш значная падтрымка з боку ЗША — гэта тое, на што неабходна спадзявацца. Але Зяленскі, відавочна, разлічвае перш за ўсё на ўласныя магчымасці. Ён не чакае чагосьці надзвычайнага з заходняга боку. У яго вельмі рэалістычнае ўяўленне пра магчымасці заходняй дапамогі. З Захадам ён размаўляе менавіта так, як, з майго пункту гледжання, і патрэбна размаўляць у дадзены момант.
— І гэта абсалютна не ўпісваецца ў расійскія прапагандысцкія наратывы наконт нібыта ўкраінскіх марыянетак, — працягвае Аляксандр Фрыдман. — Зяленскі кажа тое, што ён думае. І ён кажа такія рэчы таму ж нямецкаму, французскаму, брытанскаму боку і гэтак далей. Гэта не тыя рэчы, якія яны жадалі б пачуць. Тое, што ідзе з боку Зяленскага ў іх адрас, досыць непрыемнае. Але Зяленскі мае рацыю. Ён робіць гэта з пазіцыі маральнай перавагі. Бо пакуль на Захадзе ідуць разважанні пра дэмакратычныя каштоўнасці, украінцы не толькі пра іх разважаюць — яны сапраўды за гэтыя каштоўнасці змагаюцца.