БАТЭ верне чэмпіёнскі Кубак, але клуб усё адно могуць аштрафаваць

Дзейныя чэмпіёны Беларусі пазбавяцца Кубка на месяц, каб зноў яго атрымаць ва ўрачыстай абстаноўцы і пазбегнуць штрафу. Нечакана стала вядома, што Беларуская федэрацыя футбола можа пакараць клуб БАТЭ, які датэрмінова стаў чэмпіёнам Беларусі. Барысаўская каманда ўжо ў чацвёрты раз стала найлепшай камандай краіны.

Летась БАТЭ таксама быў чэмпіёнам, таму Кубак пераможцы застаўся ў клубе з мінулага года. Пасля матча з МТЗ-РІПА 21 кастрычніка, які і вызначыў датэрміновага чэмпіёна, футбалісты БАТЭ пераможна прабегліся па стадыёне, трымаючы ў руках Кубак.

Аднак, згодна з рэгламентам, барысаўскі клуб мусіў вярнуць яго за месяц да заканчэння першынства — адпаведна да 10 кастрычніка. І гэта нягледзячы на другую перамогу запар.

Як паведаміў Еўрарадыё генеральны дырэктар каманды Міхаіл Хлус, пакуль ад Беларускай федэрацыі футбола ніякага звароту наконт пакарання не было. Паводле яго слоў, у клуба былі тэхнічныя прычыны, па якіх Кубак не змаглі вярнуць своечасова.

Міхаіл Хлус: “Чыста тэхнічна атрымалася так, што не вярнулі, а не тое, што мы чакалі, калі станем чэмпіёнамі. Калі на тое пайшло, то каманда павінна вярнуць Кубак, але ў нармальных федэрацыях, як УЕФА, напрыклад, усё папярэджваецца загадзя. Там нагадваюць, што вы, згодна з рэгламентам, абавязаныя вярнуць. У клубе ёсць і іншыя пытанні, пра якія трэба памятаць, а не толькі тое, што трэба вярнуць Кубак”.

Міхаіл Хлус запэўніў, што ў суботу або нядзелю каманда верне Кубак, але заўважыў, што ў БАТЭ няма ніякай дамовы з федэрацыяй на яго захоўванне.

Міхаіл Хлус: “У рэгламенце напісана вельмі дакладна, што федэрацыя абавязаная падпісаць з клубам дамову аб адказным захоўванні гэтага Кубка. На сённяшні дзень у мяне такой дамовы няма. І тое, што Кубак у мяне захоўваецца, я нідзе не распісваўся, то бок я ўвогуле магу сказаць, што яго ў мяне няма”.

Фота — Афіцыйны сайт БАТЭ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі