БАТЭ ў хатнім матчы Лігі Еўропы прайграў "Арсеналу" — 2:4

БАТЭ ў хатнім матчы Лігі Еўропы прайграў "Арсеналу" — 2:4

Паразай скончылася для футбольнага клуба БАТЭ сустрэча з лонданскім "Арсеналам" у Лізе Еўропы — 2:4. Гульня другога тура групавога этапа прайшла 28 верасня на "Барысаў-Арэне". 

Брытанцы адкрылі лік на 9-й хвіліне і ў першай палове матча паспелі забіць тры галы. Прычым Уолкат аформіў дубль. На 27-й хвіліне Мірка Іванічу ўдалося забіць мяч у браму "Арсенала". 

Другая палова гульні таксама склалася не на карысць "жоўта-сініх". На самым пачатку тайма Жыру забіў барысаўскай камандзе гол з пенальці. Толькі на 67-й хвіліне Міхаілу Гардзейчуку ўдалося адквітаць яшчэ адзін гол. 

У іншым матчы групы Н нямецкі "Кёльн" прайграў дома сербскай "Црвенай Звездзе" — 0:1.

Пасля двух тураў становішча камандаў у групе выглядае так: "Арсенал" — 6 ачкоў (розніца мячоў 7-3), "Црвена Звезда" — 4 (2-1), БАТЭ — 1 (3-5), "Кёльн" — 0 (1-4 ).

У наступным туры 19 кастрычніка БАТЭ сустрэнецца дома з "Кёльнам", а "Црвена Звезда" — з "Арсеналам".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі