Вы тут

Баскаў пракаментаваў чуткі пра сваю прысутнасць на месцы збіцця Бандарэнкі

Дзмітрый Баскаў / TUT.by

Дзмітрый Баскаў пракаментаваў чуткі пра сваю прысутнасць на "Плошчы Перамен", кал там жорстка збілі Рамана Бандарэнку. Для гэтага старшыня Федэрацыі хакея выкарыстаў сайт сваёй арганаізацыі.

Баскаў кажа, што атрымаў шмат запытаў ад СМІ за апошнія дні. Ён заявіў, што яму балюча глядзець як ужо некалькі месяцаў "разгойдваюць краіну", правакуюць канфлікты, нацкоўваюць людзей адзін на аднаго.

"Ужо вельмі шмат гадоў мая грамадзянская пазіцыя застаецца нязменнай, я ніколі яе не хаваў і не буду хаваць. І тое, што яна разыходзіцца з пазіцыяй многіх "незалежных" журналістаў і пратэсна настроенай часткі грамадства, упэўнены, ляжыць цяпер у аснове так хутка вылучаных у дачыненні да мяне беспадстаўных абвінавачванняў. Я гэта падкрэсліваю: абвінавачванняў у тым, да чаго я не маю ніякага дачынення, падставай для якіх паслужыла выключна адрозная ад чыіхсьці поглядаў мая асабістая грамадзянская пазіцыя", — піша Баскаў. Раней кіраўнік ФХБ не раз падкрэсліваў, што актыўна падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку

Ён адпрэчвае абвінавачанні, быццам ён быў на "Плошчы Перамен" у трагічны вечар 11 лістапада: "Больш за тое, менавіта гэтыя людзі проста цяпер спрабуюць убачыць мяне там, дзе мяне не было і няма, нават у нейкіх аэрапортах, самалётах або адразу некалькіх гарадах і краінах адначасова". 

Пры гэтым ён звяртаецца да сваіх апанентаў: "А тым, хто сёння адкрыта заклікае пагражаць маім дзецям і жонцы, я магу задаць толькі адно пытанне: вы і ёсць тыя самыя "невераемныя" і "мірныя" беларусы?? Сваімі дзеяннямі вы толькі ўмацоўваеце цвёрдасць маіх перакананняў!"

Раман Бандарэнка быў жорстка збіты невядомымі ў масках і звезены з "Плошчы Перамен" увечары 11 лістапада. Увечары 12 лістапада ён памёр, не прыходзячы ў прытомнасць. Сярод прысутных на месцы здарэння відавочцы і журналісты СМІ па здымках пабачылі людзей, падобных да Дзмітрыя Баскава і кікбаксёра Дзмітрыя Шакуты, блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі. Пасля гэтага Латвія ўнесла абодвух у свой "чорны спіс", забараніўшы ім уезд на сваю тэрыторыю.

Між тым кіраўнік Беларусі заявіў: "Гэтыя людзі наогул у Мінску не былі!"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.