Барысаўскія жанчыны пра Андрэя Арамнава: "Ён не такі!”

Аддзел ідэалогіі Барысаўскага райвыканкаму не збіраецца здымаць плакаты алімпійскага чэмпіёна, а жанчыны гатовыя стаць за Арамнава сцяной Нагадаем, што алімпійскага чэмпіёна Арамнава двойчы з пачатку года злавілі за рулём нецвярозым. Днямі вайсковая пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу.  Але 20-гадовага рэкардсмена свету, нягледзячы на яго беспрэцэдэнтныя дасягненні, вырашылі пакараць не толькі паводле Крымінальнага кодэксу. У спартсмена забралі прэзідэнцкую стыпендыю, дыскваліфікавалі ўмоўна на два гады. 

Калі крымінальная справа будзе заведзеная, а гэта адзіны законны варыянт, то Арамнаву пагражае ў найлепшым выпадку штраф, а то і арышт на тэрмін да шасці месяцаў.   

Рэдактар газеты “Барысаўскія навіны” Анатоль Букас быў першым чалавекам, які пяць гадоў таму даў загад сваім супрацоўнікам напісаць пра Арамнава. Але і сёння ў гэтай гісторыі  не становіцца на бок чэмпіёна.

Анатоль Букас: “Я, напрыклад, лічу, што закон аднолькавы для ўсіх. Калі трапіўся п’яны за рулём, мусяць забраць правы. Калі трапіўся другі раз цягам двух гадоў — мусяць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Але не больш за тое”.

Спадар Анатоль лічыць, што ў выпадку з Арамнавым дзяржава перагнула палку, адняўшы прэзідэнцкую стыпендыю:

“Яго спрабуюць выпальваць гарачым жалезам. Але гэта несправядліва, — працягвае Анатоль Букас. — Так можна чалавека давесці да самазабойства. Атрымоўваецца, чалавеку плацілі прэзідэнцкую стыпендыю, а ён падвёў сваіх дабрадзеяў. Гэта савецкія перажыткі. Вы ж памятаеце, як выкідалі з краіны Салжаніцына…”.

Сапраўды, стаўленне да сям’і Арамнава рэзка змянілася. Днямі яго маці не запрасілі нават на ўручэнне кветак у межах канцэрту “Паклон табе, родная” ў гарадскім доме культуры. Хоць першапачаткова маці цяжкаатлета мусіла выйсці на сцэну.  

Сітуацыя, што склалася з Андрэем Арамнавым, дарэчы, хвалюе многіх барысаўскіх жанчын. Еўрарадыё паразмаўляла з супрацоўнікамі некалькіх гарадскіх прадпрыемстваў — і менавіта жанчыны заступаюцца за чэмпіёна.

“Я не думаю, што ён быў настолькі п’яны, каб з ім можна было такое рабіць, — з болем у голасе кажа Любоў Іванова, правізар барысаўскай аптэкі №137. — Можа, выпіў якога піва. Усё ж такі ён алімпійскі чэмпіён, трэба было паразмаўляць з ім індывідуальна. Я б не хацела, каб усё гэта так афішавалі. Я ганаруся, што ён змог з такога маленькага гарадка выбіцца ў чэмпіёны”.

Людміла Гарняк, галоўны ідэолаг Барысава, таксама не збіраецца знішчаць плакаты з Андрэем Арамнавым.  

“У нас плакаты вісяць," — цвёрда адказала на пытанне Еўрарадыё Людміла Іванаўна.

Адказала кіраўніца Аддзелу ідэалогіі і на пытанне, чаму міліцыянты расказалі пра п’яныя прыгоды чэмпіёна, пасля чаго ў СМІ адбыўся папросту інфармацыйны выбух.

Людміла Гарняк: “Мяркую, гэта той самы выпадак, які падкрэслівае дэмакратычнасць нашай дзяржавы. Калі чалавек ажыццявіў парушэнне, ён за яго і адказвае”.

ЕРБ: “Ці з’яўляецца сёння Андрэй Арамнаў выбітным жыхаром Барысава? Ці можна яго ставіць у прыклад школьнікам?”

Людміла Гарняк: “Я думаю, вы адказалі на гэта пытанне самі”.

Самога Арамнава канфлікт з міліцыяй таксама моцна патрапаў. Андрэя мы прыспелі ў цяжкаатлетычнай зале, і першае, што ён папрасіў — не пісаць пра гісторыю з даішнікамі.

“Я зараз трэніруюся ў поўную моц і буду на чэмпіянаце свету паказваць вынікі, — апісвае Андрэй свой лад жыцця. — Нічога такога не адбылося, каб прыбіраць з вуліцы мае плакаты. Я быў алімпійскім чэмпіёнам і ім застаюся. І хачу, каб вы больш не пісалі пра гэта і нічога не казалі”.

Фота з газеты "Барысаўскія навіны"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі