Барысаўскі злодзей бегаў у абменнік правяраць чужыя грошы перад крадзяжом

Барысаўскі злодзей бегаў у абменнік правяраць чужыя грошы перад крадзяжом

У Жодзіне асудзілі 39-гадовага злодзея з Барысава Юрыя Арлова, які раней пяць разоў прыцягваўся да адказнасці за крадзяжы. На момант здзяйснення апошняга злачынства ён працаваў аператарам на барысаўскім мясакамбінаце.

У яго цяперашняй крымінальнай справе пяць эпізодаў: адна абакрадзеная кватэра ў Жодзіне, тры ў Барысаве і адна ў Мінску. Але менавіта сталічная “гастроль” стала найбольш адметнай.

Злодзей падабраў ключы і трапіў у мінскую кватэру, дзе практычна адразу знайшоў у шафе, у стосе бялізны, 4 тысячы долараў. Аднак грошы падаліся яму падазронымі і зламыснік вырашыў іх праверыць. Ён узяў адну з купюр, збегаў з ёй у бліжэйшы абменнік і без праблем памяняў яе на беларускія грошы.

Затым злодзей вярнуўся ў кватэру, забраў частку валюты і схаваў яе на вуліцы пад бакам для смецця. Потым зноў вярнуўся ў чужое жыллё, забраў астатнюю частку валюты і знайшоў у кватэры бар з віном і каньяком. Затым зламыснік пайшоў на Камароўскі рынак і набыў там баул, каб забраць з кватэры паболей рэчаў. Чарговым разам вярнуўся на месца злачынства, забраў алкаголь, новую пасцельную бялізну і іншыя рэчы, якія потым схаваў у ціхім месцы ля чыгункі. Апошні заход у аблюбаваную кватэру прынёс яму яшчэ адзін годны ўлоў — 17 мільёнаў беларускіх рублёў.

Зламысніка затрымалі, калі ён здаваў скрадзенае скупшчыкам каштоўных металаў. Агульная шкода ад яго промыслу склала амаль 200 мільёнаў рублёў. Пры аглядзе дзвярэй абакрадзеных кватэраў не заўважылі ніякіх пашкоджанняў замкоў. Рэцыдывіст карыстаўся адмычкамі і адчыняў на першы погляд надзейныя дзверы.

Суд накіраваў яго ў калонію ўзмоцненага рэжыму на шэсць гадоў і тры месяцы, інфармуе ex-press.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі