Барысаўскі БАТЭ пацярпеў першае паражэнне ў чэмпіянаце Беларусі

Першае паражэнне ў сёлетнім чэмпіянаце Беларусі па футболе пацярпеў барысаўскі БАТЭ. У матчы 29-га тура чэмпіён краіны 2008 года прайграў у гасцях мінскаму "Дынама" з лікам 1:2. Барысаўская каманда выглядала стомленай, у яе мала што атрымлівалася наперадзе. У выніку, прапусціўшы ў першым тайме два галы (яны на рахунку Гігевіча і Лебедзева), БАТЭ здолеў адказаць толькі адным ужо ў даданы час (вызначыўся Радзівонаў).

Такім чынам, мінскае "Дынама" мае добрыя шансы, каб заваяваць "срэбра" чэмпіянату. У дынамаўцаў перад апошнім турам 59 ачкоў, у МТЗ-РІПА, які перайграў з лікам 3:1 "Лакаматыў", 57 ачкоў. Усё будзе вырашацца ў матчах: "Гомель" - МТЗ-РІПА, "Савіт" - "Дынама" (Мінск).

Іншыя вынікі матчаў 29-га тура: "Дарыда" - "Нафтан" - 0:3, "Тарпеда" - "Смаргонь" - 1:3, "Днепр" - "Граніт" - 0:1, "Дынама" (Брэст) - "Савіт" - 4:1, "Віцебск" - "Шахцёр" - 3:0, "Нёман" - "Гомель" - 1:0.

Пасля паражэння ад брэсцкага "Дынама" магілёўскі "Савіт" згубіў нават тэарэтычныя шансы, каб застацца ў вышэйшай лізе. Нагадаем, разам з ім у 1-ю лігу сыходзяць "Дарыда" і "Лакаматыў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі