Баршчэўскі хоча ў прэзідэнты, але сумняваецца наконт праймерыз

Былы старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заявіў аб сваім намеры балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах і ўжо распачаў перадвыбарную кампанію.
І гэта нягледзячы на тое, што канчатковае рашэнне аб вылучэнні партыйнага кандыдата БНФ прыме на вясновым з’ездзе ў 2010 годзе. Як патлумачыў Еўрарадыё палітык, сваю кампанію ён распачаў, каб падчас з’езду прадставіць дэлегатам доказы сур’ёзнасці свайго намеру.

Лявон Баршчэўскі: “Трэба ж нейкія аргументы з’езду прад’явіць. З’езд можа зноў сабрацца такі, што прагаласуе супраць. Трэба з’езд пераконваць. А аргумент — гэта наяўнасць людзей, якія цябе падтрымліваюць. А раптам заканадаўства зменіцца ў лепшы бок, і што тады? Мы будзем не гатовыя ні да якіх выбараў. Трэба рыхтавацца цяпер. А аб’явіць байкот ніколі не позна”.

Падтрымку экс-старшыня шукае не толькі сярод аднапартыйцаў. Кажа, зараз, калі ён стаў шараговым сябрам фронту, такая ўмова не абавязковая. Што ж тычыцца ўдзелу ў праймерыз, які збіраецца ладзіць АДС, то з удзелам у ім Баршчэўскі яшчэ не вызначыўся.

Лявон Баршчэўскі: “Каля я ўбачу, што ўмовы раўнапраўныя і я маю магчымасць спаборнічаць на роўных, то цалкам магчыма, што вазьму ўдзел. Бо я намераны выйграваць, па-іншаму я не стаўлюся да гэтага”.

Што тычыцца кіраўніка свайго перадвыбарнага штаба, то з ім Лявон Баршчэўскі яшчэ не вызначыўся. На гэтую пасаду разглядаецца тры чалавекі: Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка і Аляксандр Мех. Яны ўжо падзялілі абавязкі і заняліся працай на карысць будучага кандыдата.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі