Барановіча, якога вінавацяць у збіцці міліцыянераў, палітвязнем не прызнаюць

Барановіча, якога вінавацяць у збіцці міліцыянераў, палітвязнем не прызнаюць

У Маскоўскім судзе Мінска працягваецца суд над Святаславам Барановічам, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Нягледзячы на тое, што міліцыянеры былі ў цывільным, а Барановіч бараніў анархістаў ад невядомых нападнікаў, прызнаваць яго палітвязнем праваабаронцы не лічаць магчымым. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак.

Алег Гулак: “Па-першае, дзеянні Барановіча не былі непасрэдна звязаныя з выказваннем свайго меркавання падчас акцыі. Гэта былі затрыманні пасля акцыі, акцыя ўжо адбылася. Па-другое, гэта быў гвалт у дачыненні да фізічных асоб. Тым больш, было зразумела, што гэта супрацоўнікі міліцыі, а ў іх таксама ёсць у пэўным сэнсе дадатковая абарона. Палітзняволены ― гэта такі статус, які дазваляе казаць, што тое, што чалавек рабіў, яно вартае падтрымкі. А вось падтрымліваць гвалтоўныя дзеянні мы не гатовыя ні ў якім выглядзе”.

Па словах старшыні БХК, пытанне надання Святаславу Барановічу статусу палітвязня абмяркоўвалася сярод беларускіх праваабаронцаў. Але пасля працяглых спрэчак большасць сышлася на тым, што, незалежна ад жорсткасці прысуду, палітзняволеным Барановіча яны не прызнаюць.

“Мы можам крытыкаваць прысуд, казаць пра яго жорсткасць, неадпаведнасць учынку, звяртаць увагу на парушэнні, але на статус гэта ніяк не ўплывае”, ― кажа Гулак.

Нагадаем, пасля “Марша недармаедаў” вясной 2017 года міліцыянты ў цывільным пачалі жорстка затрымліваць анархістаў, удзельнікаў шэсця. Святаслаў Барановіч кінуўся бараніць маладзёнаў ад невядомых нападнікаў. Цяпер яго вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. На судзе пракурор Сергіенка папрасіла для актывіста чатыры гады зняволення.

Дарэчы, у 2011 годзе Барановіча асудзілі на тры гады “хатняй хіміі” за ўдзел у Плошчы-2010. І тады праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі