Баранавіцкага бізнесмена абавязалі выплаціць дзяржаве 20 млн. долараў

44 мільярды рублёў, а гэта больш за 20 мільёнаў долараў павінен вярнуць дзяржаве былі генеральны дырэктар сумеснага беларуска-расійска-італьянскага прадпрыемства “Белтэкст”. Нядаўна яго асудзілі на 9,5 гадоў пазбаўлення волі.
Дырэктара прызналі вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Апроч дзяржавы, ён павінен выплаціць 95 мільёнаў рублёў Баранавіцкаму баваўнянаму аб’яднанню, пры якім і стваралася СП. Як высветлілі следчыя, фірма “Белтэкст” адпраўляла за мяжу буйныя партыі тканіны нібыта на фарбаванне.

Назад вярталася не прадукцыя беларускай вытворчасці, а пакістанская тканіна, значна таннейшая і горшая па якасці.

Тым часам, баранавіцкія мытнікі цягам двух гадоў не заўважалі падробку. Як вынік, начальнік мытнага паста асуджаны на 3,5 года пазбаўлення волі, а мытны інспектар — на 1 год. Усе свае аперацыі былы дырэктар “Белтэксту” ажыццяўляў праз падстаўныя фірмы, якіх насамрэч ніколі не існавала.

Алесь Літоўчык, Еўрарадыё, Баранавічы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі