Вы тут

Бабуля, якая лопнула праз COVID-19: Блакаду вытрымалі — і гэта трэба вытрымаць

Тамара Мужэнка / АНТ

Дзяржаўны тэлеканал АНТ 15 красавіка апублікаваў другі сацыяльны ролік "Паніка горш за каранавірус!". Менш чым за суткі ён сабраў 115 тысяч праглядаў, больш за 700 дызлайкаў і неадназначную рэакцыю людзей у сацсетках.

Галоўную ролю ў гэтым кароткім відэа сыграла 80-гадовая актрыса Тамара Мужэнка з трупы Мінскага тэатра кінаакцёра. Яна ж здымалася ў першым роліку серыі — "Каранавірус. Любіце бабулю на адлегласці!", які з'явіўся ў канцы сакавіка і не стаў вірусным. Абодва ролікі аб'ядноўвае "бамбічная" канцоўка: бабуля, якую іграе Тамара Трафімаўна, з-за COVID-19 лопаецца, як паветраны шарык.

Еўрарадыё паразмаўляла з Тамарай Мужэнка пра здымкі ў сацыяльнай рэкламе пра каранавірус. Актрыса лічыць, што гумар у сітуацыі, у якой апынуліся беларусы і ўвесь свет, — гэта добра:

— Ведаеце, у любой сітуацыі трэба ўмець не толькі трагічны бок, але і камічны бок трэба знаходзіць. Я лічу, што смех — гэта вельмі добра. А гэтая паніка: ну няма грэчкі, або не хапае масак, або лімонаў... Без гэтага можна пражыць. Хлеб ёсць, масла ёсць, малочныя прадукты ёсць. Таму гэта не страшна. Людзі блакаду вытрымалі — і гэта трэба вытрымаць.

Тамара Трафімаўна прызнаецца, што ў яе ролікі выклікаюць усмешку. Што да "выбухной" канцоўкі, то яна актрысу не бянтэжыць. Пра тое, што будзе ў фінале ролікаў, яна ведала яшчэ на этапе здымкі:

— Калі я прыходжу на здымкі, то мне, вядома, усё паказваюць і расказваюць, што я павінна рабіць. І я раблю — я ж актрыса. Інакш як я павінна была б рэагаваць ці нешта рабіць, не ведаючы, што адбудзецца далей па сцэнары?

Ці варта чакаць новых ролікаў ад АНТ? Актрыса пакуль не ведае і сама. Кожнае такое відэа праходзіць шмат узгадненняў. А самы першы ролік, па словах Тамары Мужэнка, зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка:

— Я спытала ў хлопцаў, у рэжысёра, але яны і самі не ведаюць, ці будзе наступны ролік. Гэта як зацвердзяць. А гэтыя ролікі, раз пусцілі ў эфір, значыць, напэўна, ёсць дазвол ад вышэйстаячых органаў. Гэта ж не пускаецца так проста. Але вы ведаеце, я ў гэтых справах дрэнна разбіраюся.

Актрыса прызнаецца, што не ўспрымае сур'ёзна паніку і страх вакол, таму што сама яна нарадзілася і жыла не ў самыя спакойныя часы:

— У мяне такога адчування і ў жыцці няма. Я дзіцём прайшла вайну. Я прайшла змены ўрадаў, перабудову, рэформы. І што, цяпер сур'ёзна ўспрымаць паніку, страх? Я стаўлюся да жыцця прасцей, чым цяпер хтосьці ставіцца. У мяне няма страху. Вядома, вельмі шкада, што такое здарылася ў свеце. Безумоўна, гэта вялікая страта для чалавецтва. Але відаць, можа, нам дадзена небам гэта выпрабаванне.

Ніякіх супрацьвірусных прэпаратаў Тамара Трафімаўна не прымае. Але, выходзячы з дома, усё ж надзявае маску:

— Калі іду ў краму або аптэку, то надзяваю маску. А так вялікую частку часу праводжу ў кватэры. Выходжу толькі па неабходнасці. Я законапаслухмяны чалавек.

Каранавірус, вядома, паўплываў на работу беларускіх тэатраў. Мінскі тэатр кінаакцёра цяпер паказвае спектаклі анлайн, прычым не ў запісе, а ўжывую:

— Учора [14 красавіка. — Еўрарадыё] паказвалі "Фальшывую ноту", сёння Чэхава. Заўтра "Звычайная гісторыя", такая прытча, я там іграю. Збіраемся і прыходзім своечасова, як звычайна, і на пустую залу ў сем гадзін пачынаем іграць. А гэта паказваецца анлайн. Гэты тыдзень дайграем, а потым, напэўна, ідзём у адпачынак. Заўтра ўжо скажуць канкрэтна, але я думаю, што з панядзелка. Але дакладна цяпер сказаць не магу. Але я думаю, што гэта правільнае рашэнне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.