Бабулін фэст і экскурсіі для сляпых — у Беларусі адкрылі пляцоўку стартапаў

Еўрарадыё: Што за праект Talaka.by, што ў ім новага для карыстальнікаў беларускага інтэрнэту?

Яўген Клішэвіч: Гэта такая платформа, якая дапамагае актыўным людзям сумесна рэалізоўваць сацыяльна значныя праекты і вырашаць праблемы, якія турбуюць людзей. Напрыклад, у нас зараз размешчаныя каля 20 праектаў: пачынаючы ад дапамогі людзям з інваліднасцю — гэта і экскурсіі з 3d-макетам, і розныя парталы, якія дапамагаюць ім арыентавацца, заканчваючы рэстаўрацыяй абсерваторыі і адкрыццём пякарні са старажытнабеларускімі рэцэптамі.

Еўрарадыё: Напрыклад, я прапанаваў нейкі праект, ён з’явіўся ў вас на сайце, а што далей?

Яўген Клішэвіч: Спярша з вамі працуе наш праектны кансультант, каб упэўніцца, што вы разумееце, што вы хочаце зрабіць, навошта. Пасля вы ствараеце заяўку, якая размяшчаецца на нашым сайце. Пасля людзі даведваюцца пра ваш праект праз нашы інфармацыйныя каналы. І калі людзі даведваюцца пра яго, то пачынаюць далучацца, дапамагаць у яго рэалізацыі.

Яўген Клішэвіч

Еўрарадыё: Вы казалі пра 20 праектаў, якія ўжо ёсць на сайце. Хто-небудзь дапамог іх рэалізаваць?

Яўген Клішэвіч: Літаральна на гэтым тыдні на рэстаўрацыю абсерваторыі знайшоўся спонсар. Каля 70 мільёнаў рублёў ён гатовы выдзеліць на гэта. Таксама на сайце бачна ў абмеркаванні праектаў, што людзі прапануюць самую розную дапамогу.

Еўрарадыё: А хто гэтыя праекты звычайна прапануе?

Яўген Клішэвіч: Гэта зазвычай непрафесіяналы ў сферы НДА ці яшчэ нейкія адмыслоўцы — звычайныя людзі, якія хочуць зрабіць нешта лепш, маюць час і жаданне.

Еўрарадыё: А хто займаецца “Талакой”, што гэта за людзі?

Яўген Клішэвіч: У нас ёсць каманда: крэатыўны дырэктар, праектны кансультант, чалавек, які займаецца сувязямі з партнёрамі, і тэхнічная падтрымка. Людзі ў нас у камандзе самыя розныя. Усе яны ўжо не студэнты, усе раней мелі досвед у тым, чым займаюцца. Наша каманда фармавалася пэўны час. Я сам па адукацыі прадпрымальнік, цяпер займаюся толькі гэтым праектам, усё астатняе адсунуў. Вучуся завочна, перавёўся, хаця быў выдатнікам. Але ўніверсітэт адбіраў шмат часу.

Еўрарадыё: А калі такі праект ствараўся, можа вы бралі прыклад з кагосьці, можа такі ўжо ёсць у іншай краіне?

Яўген Клішэвіч: Мы вывучалі досвед з іншых праектаў, у іншых краінах. Але не думаю, што бралі прыклад. Такога праекта мы нідзе не знайшлі. Часцей за ўсё нас параўноўваюць з праектам, які збірае сродкі. Але мы адрозніваемся, мы дазваляем яшчэ і сабраць каманду людзей, якія будуць гэтым праектам займацца.

Еўрарадыё: А ёсць нейкі фільтр па праектах, якія можна размяшчаць на вашым сайце?

Яўген Клішэвіч: Абсалютна любы праект можам размясціць. Але праект стане паспяховым, калі ён стане сацыяльна значным. У нас ужо каля трох завершаных праектаў: экскурсіі для людзей са слабым зрокам, арганізацыя рамесніцкага летніка і брашура раварыста для людзей, якія хочуць перасесці на ровар. Цяпер каля 15 праектаў на стадыі размяшчэння. На месяц мы размяшчаем да пяці праектаў.

Еўрарадыё: А хто падае праекты? Моладзь, студэнцтва, бабуля-суседка?

Яўген Клішэвіч: Пра бабульку — нічога смешнага. У нас кіраўнік аднаго праекта — жанчына гадоў 70. Яна размясціла праект з дапамогай унука і хоча праводзіць бардаўскі фестываль. Ёсць і актыўныя студэнты, ёсць шмат людзей у прамежку 20-30 гадоў. Адзінае абмежаванне для людзей пакуль — выхад у інтэрнэт.

Фота: http://officeart.by/ і з архіву Яўгена Клішэвіча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі