Бабруйскую пенсіянерку, якая крытыкавала чыноўнікаў, аштрафавалі на дзве пенсіі

Бабруйскую пенсіянерку, якая крытыкавала чыноўнікаў, аштрафавалі на дзве пенсіі

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 22 красавіка прысудзіў штраф пенсіянерцы Валянціне Каваленка, жыхарцы Бабруйску, за ўдзел у несанкцыяваным масавым мерапрыемстве. Як піша інтэрнэт-газета "Салідарнасць", жанчыну аштрафавалі на 4,2 млн рублёў (20 базавых велічыняў). З улікам таго, што пенсія Каваленка — толькі 2,3 млн рублёў, штраф складае амаль дзве яе месячныя пенсіі.

Нагодай для штрафу стаў пікет на плошчы Свабоды ў Мінску, які прайшоў 31 сакавіка. Яго зладзілі актывісты грамадзянскай ініцыятывы "Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры".

Як распавяла лідар ініцыятывы Тамара Сяргей, суддзя Валерый Есьман стараўся правесці працэс над Каваленка вельмі хутка. Каваленка заявіла, што не знаёмая з матэрыяламі справы, бо дасланы ёй пратакол быў напісаны ад рукі вельмі дробным почыркам. На азнаямленне суддзя даў ёй 10 хвілінаў. Акрамя таго, жанчына паведаміла, што 15 красавіка накіравала скаргу на імя начальніка цэнтральнага РУУС Мінска на незаконныя дзеянні ўчастковага інспектара, які склаў на яе пратакол. Яна хацела даведацца лёс скаргі, аднак суддзя хадайніцтва адхіліў. Па словах Сяргей, гэта парушэнне Працэсуальна-выканаўчага кодэкса: калі скаргу не разгледзелі ў міліцыі, яе павінны былі разгледзець у судзе.

Каваленка заявіла, што ў такіх умовах ўдзельнічаць у працэсе не можа, і пакінула суд.

Дарэчы, судовыя працэсы за пікет чакаюць яшчэ двух актывістаў грамадзянскай ініцыятывы "Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі