Бабруйскую пенсіянерку пасля вяртання з Мінску затрымлівалі шэсць міліцыянтаў

Бабруйскую пенсіянерку пасля вяртання з Мінску затрымлівалі шэсць міліцыянтаў

22 чэрвеня бабруйская пенсіянерка Любоў Санкевіч ездзіла ў Мінск. Разам з іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай ініцыятывы "Супраць беззаконня ў пракуратуры і судах" яны хацелі запісацца на прыём да кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай

А калі жанчына вярнулася ў Бабруйск, то на вакзале яе затрымалі шасцёра супрацоўнікаў міліцыі, піша "Салідарнасць". Юрыст ініцыятывы Тамара Сяргей кажа, што адзін з супрацоўнікаў быў нават з АМАПа. 

Санкевіч даставілі ў УУС Бабруйскага гарвыканкама, каб яна дала тлумачэнні. На думку юрыста, прычынай магло стаць інтэрв'ю журналістам, якое Санкевіч дала ў Мінску. Тамара Сяргей лічыць дзеянні міліцыянтаў беззаконнымі, бо пасля дзясятай гадзіны вечара працэсуальныя дзеянні праводзяцца толькі ў выпадках, якія не церпяць адкладу. А выпадак Санкевіч не трапляе пад гэтае выключэнне.

У міліцыі каля 23-й гадзіны ў Санкевіч здарыўся гіпертанічны крыз. Паводле яе слоў, жанчыне самой давялося выклікаць медыкаў, бо міліцыянты адмовіліся тэлефанаваць у "хуткую". 

Пенсіянерку адвезлі ў лякарню, дзе аказалі неабходную дапамогу. Яна адмовілася ад шпіталізацыі і са сваякамі з'ехала дадому. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі