Бабруйскі кантрабандыст уцякаў ад следства праз акно туалета

Бабруйскі кантрабандыст уцякаў ад следства праз акно туалета

У Магілёўскай вобласці будуць судзіць кантрабандыста, які двойчы спрабаваў уцячы ад праваахоўнікаў і ў дадатак да адміністратыўнай справы “зарабіў” яшчэ некалькі крымінальных артыкулаў. Абласная пракуратура накіравала яго справу ў суд Глускага раёна.

49-гадовы бабруйчанін цягам 13 гадоў вазіў з Расіі ў Беларусь і прадаваў нелегальны алкаголь. Свой бізнэс ён разгарнуў у некалькіх раёнах і атрымліваў буйны прыбытак. 27 траўня ён папаўся міліцыі падчас перавозкі тавару ў аўтамабілі “Івека Фіят”. Яго затрымалі разам з машынай і загадалі ехаць да будынка бабруйскай міліцыі дзеля афармлення дакументаў адміністратыўнай справы. Парушальніку пагражала канфіскацыя тавару. Аднак мужчына быў нязгодны з гэтым і вырашыў уцякаць. Ён збіў машынай міліцыянта і знік з месца здарэння. Міліцыянт атрымаў цялесныя пашкоджанні.

Пазней кантрабандыста затрымалі. 28 ліпеня ён знаёміўся з дакументамі сваёй крымінальнай справы ў Бабруйскім міжраённым аддзеле Следчага камітэта і зноў паспрабаваў уцячы — выскачыў на вуліцы з акна прыбіральні. Няўдалага ўцекача злавілі і гэтым разам.

Цяпер мужчыну чакае суд па некалькіх крымінальных справах: замах на незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, уцёкі з-пад варты, гвалт у дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў. Яму пагражае да 6 гадоў зняволення, перадае БелаПАН са спасылкай на Магілёўскую абласную пракуратуру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі