Бабарыка запісаў звароты да выбарцаў на выпадак, калі яго затрымаюць

Віктар Бабарыка / Еўрарадыё
Віктар Бабарыка / Еўрарадыё

Прэтэндэнт у прэзідэнты Беларусі Віктар Бабарыка запісаў звароты да выбарцаў на выпадак свайго затрымання. Пра гэта экс-банкір заявіў у інтэрв'ю РБК. Па словах Бабарыкі, ён гатовы да выбараў 9 жніўня.

"Людзі нарэшце паверылі, што банкір — гэта чалавек, які разумее, што такое рызыка, што такое сістэма кіравання рызыкамі. У многіх рэчах мы працуем на апярэджанне. І дакладна разумеем сцэнары. У нас на сёння ўсё гатова да таго, каб нават без мяне дайсці да 9 жніўня. Усё! Мы сёння здалі практычна 100 тысяч подпісаў. Мы гатовыя да любога развіцця падзей. У мяне запісаныя ўжо звароты".

Запісаныя звароты Бабарыка называе "размовай з народам на ўдалёнцы". У іх вылучэнец будзе даваць інструкцыі сваім выбарцам аб далейшых дзеяннях.

"І ў нас такія сцэнары ёсць і да 9 жніўня, і далей. Усё ёсць. Што рабіць — мы ведаем. Не кажам пра гэта мы не таму, што баімся, а таму, што пакуль гэта бессэнсоўна", — заявіў Бабарыка. Паводле яго слоў, нават калі яго арыштуюць, па заканадаўстве яго не могуць не дапусціць да выбараў:

"Мы прынялі ўсе дзеянні, каб дайсці да 9 жніўня, нават калі я буду па-за доступам. У нас ёсць заканадаўства, і яно выразна вызначае, хто не можа быць дапушчаны да выбараў, і нават затрыманы чалавек можа быць дапушчаны, таму ў нас усё падрыхтавана на той выпадак, калі я нечакана прападу ".

13 чэрвеня Віктар Бабарыка падаў у Цэнтрвыбаркам першыя 75 тысяч подпісаў за вылучэнне сваёй кандыдатуры на пост прэзідэнта. 12 чэрвеня ў "Белгазпрамбанку", якім Бабарыка кіраваў 20 гадоў, прайшлі ператрусы. Па справе "Белгазпрамбанка" затрыманыя 15 чалавек, якіх абвінавачваюць у адмыванні грошай і нявыплаце падаткаў. Кіраўнік КДК заявіў, што ёсць доказы датычнасьці да злачынстваў і экс-кіраўніка банка. Прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі запэўніла РБК, што затрыманыя даюць паказанні супраць Бабарыкі.

Тое, што адбываецца экс-банкір называе "кампаніяй запалохвання" і кажа, што быў гатовы да "правакацыйных дзеянняў" з боку беларускіх уладаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі