Вы тут

Бабарыка павіншаваў беларусаў з Новым годам цытатай з твора Караткевіча

Віктар Бабарыка / t.me/viktarbabarykaofficial

Палітвязень Віктар Бабарыка даслаў з-за кратаў навагодняе віншаванне для беларусаў.

Ён дзякуе суайчыннікам за тое, што яны: 

"— асвятлілі гэты год дабрынёй і шчырасцю сваёй душы, незалежна ад узросту і свайго становішча, ад студэнтаў да неверагодна маладых і забіяцкіх пенсіянераў;

— паказалі сваю любоў да ўсіх людзей, да сваёй краіны, не пабаяўшыся пагроз, гвалту і нянавісці, якімі вас за гэта "ўзнагародзіла" сістэма ўлады;

— ахвяравалі сваім дабрабытам, некаторыя — асабістай свабодай, і нават крывёю і жыццём дзеля самога каштоўнага, што ёсць у чалавеку: пачуцця ўласнай годнасці, павагі і свабоды;

— пераадолелі хлусню, нянавісць і страх, якімі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў атручвалі вашыя душы і розум, і сталі ў ланцуг салідарнасці, праўды і дабра;

- пайшлі з кветкамі ў руках і ўсмешкамі дабра на твары да закутых у браню і схаваных пад маскамі ад страху і сораму ўзброеных "ахоўнікаў парадку";

— не спыніліся ў сваім жаданні казаць праўду і дзейнічаць паводле сумлення;

— паказалі сваё жаданне жыць у краіне, адкрытай для ўсіх, а не акружанай "ворагамі" і адхіленай ад усяго астатняга свету".

Ён назваў гэтых людзей сапраўднай каштоўнасцю краіны. І пазычыў ім жыць у краіне, дзе ганарацца багатымі і свабоднымі людзьмі, цэняць розум і самарэалізацыю чалавека, узнагароджваюць тых, хто змагаецца за свабоду, здароўе і шчасце людзей.

Таксама палітвязень прывёў крыху пераробленую цытату з рамана Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні":

"Вы ўсе маеце штосьцi адзiнае: няздатнасць да гвалту. А гэта заўсёды выклiкае некаторую безабароннасць перад гвалтам чужых. Як жа гэтым будуць яшчэ карыстацца ўсе, хто не лянуецца! Тыя, хто лiчыць нас прыгоннымi i нiколi нiкому не аддасць, але ж, не спытаўшы нашага жадання, iм належаць! Тыя, хто хавае свае твары под маскамi, тыя, хто робіць хлусню, нянавiсць i жах нормай жыцця, а таксама iншая навалач! Нiчога, галоўнае вытрымаць. Калi такiя, як вы, не спыняцца, прыйдзе час, калi больш за ўсё на свеце будзеце патрэбны менавiта вы. Чужога гвалту не будзе. I будуць страшэнна патрэбныя тыя, хто шмат выцерпеў, але нiколi без крайнiх абставiн, без смяротнай небяспекi не запэцкаў бессаромным гвалтам сваiх рук".

Бабарыка заявіў, што ў адыходзячым годзе беларусы паказалі ўсяму свету, што яны сапраўдныя творцы цудаў ды заслужылі шчасце і павагу 

"Жыве Беларусь! З новым шчаслівым годам і светлым Раством!" — завяршае ён сваё віншаванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.