Аўташколы хочуць павялічыць кошт навучання да 1,5 мільёна рублёў

Менавіта да такога ўзроўню, на думку начальнікаў мінскіх аўташкол, трэба ўзняць аплату за навучанне, каб перастаць працаваць сабе на страту. У аўташколах Мінску ўжо зараз вядзецца запіс на сакавік-травень. Між тым, большасць школ могуць набіраць на некалькі груп больш, але з імі няма каму працаваць – не хапае майстроў і выкладчыкаў. Людзей няма каму вучыць ездзіць.

Па словах начальніка аўташколы “Аўтагалактыка” Уладзіміра Тамковіча, прафесіяналы з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй ісці працаваць за 600 тысяч у месяц за паўтары стаўкі не хочуць. Але больш ім плаціць няма з чаго: пры сённяшнім кошце навучання ў 599 тысяч рублёў аўташколы і так працуюць сабе на страту.

Уладзімір Тамковіч:
“Майстры ў мяне сёння атрымліваюць 2800 за адну гадзіну. Усе працуюць на паўтары стаўкі, каб хаця б атрымлівалася 600 тысяч. Я сёння магу адкрыць яшчэ некалькі груп – у мяне ёсць вольныя плошчы з раніцы. Але няма майстроў, каб займацца кіраваннем аўтамабіля. Бо сёння не хапае 7 чалавек”.

Па словах начальніка аўташколы, машыны, на якіх навучаюць курсантаў, маюць не менш за 10 год. Машыны часта ламаюцца, але і на запчастках даводзіцца эканоміць.

Уладзімір Тамковіч: “Сёння я якія запчасткі набываю? Ужываныя набываю”…

Начальнік аўташколы “Аўтаправа” Леанід Белакурскі лічыць, што, каб выправіць сітуацыю, кошты за навучанне неабходна павялічыць да 1,5 мільёна рублёў.

Леанід Белакурскі: “Калі добрую арганізацыю працы ствараць, на ўзроўні патрабаванняў “Транстэхнікі”, курсы павінны каштаваць дзесьці 1,5 мільёна рублёў”.

Амаль такую ж суму – 1 мільён 200 тысяч – назвала і начальнік аўташколы “Сігнал-плюс” Ірына Сяверына. Па яе словах, гэтая сума дазволіць аўташколам выйсці са стратаў, абнавіць аўтапарк і запрасіць на працу прафесіяналаў. Вырасце якасць навучання. Праўда, не адразу.

Ірына Сяверына: “Па вельмі простай прычыне – школы стануць у першую чаргу выплочваць страты. Іх паставілі перад такім фактам. Але калі б сёння ўсе былі на нулях, то якасць навучання вырасла б амаль адразу. Па-першае, гэта абнаўленне аўтапарку. Гэта рамонт абсталявання. І як вынік, зусім іншая якасць язды і здачы іспытаў. І заработная плата. Можна было б выбраць высокапрафесійнага майстра і затрымаць у сябе яго заробкам”.

На думку начальнікаў аўташкол, менш жадаючых атрымаць правы ад такога павышэння коштаў не стане. Яны лічаць, што калі людзі маюць грошы, каб набываць машыны за 8-10 тысяч долараў, то знойдуць і паўтара мільёна на курсы. Затое павялічыцца канкурэнцыя і, як вынік, якасць навучання.

Павысіць кошты самастойна аўташколы сёння не могуць. Сума вызначаецца Саўмінам. Аўташколы ўжо выходзілі з прапановай аб падвышэнні, але адказу пакуль няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі