Вы тут

Аўтаматычнае выдаленне перапіскі: якія яшчэ новыя функцыі прапануе тэлеграм

Telegram / thebigredgeek.medium.com/

У тэлеграме з’явіўся шэраг новых функцый: цяпер у месенджары ёсць магчымасць наладзіць аўтаматычнае выдаленне паведамленняў у чатах і дасылаць часовыя спасылкі для запрашэння ў суполкі і каналы. Таксама стала мажліва размяшчаць на дамашнім экране тэлефона віджэты для хуткага доступу да чатаў. Акрамя таго, распрацоўшчыкі знялі абмежаванні на колькасць удзельнікаў суполак. Каб атрымаць доступ да новых функцый, неабходна абнавіць праграму да свежай версіі.

Аўтаматычнае выдаленне паведамленняў

Ужо некалькі гадоў карыстальнікі тэлеграма могуць у любы момант выдаліць усю перапіску з любым суразмоўнікам, прычым у яго гісторыя паведамленняў знікне таксама. У сакрэтных чатах нават ёсць таймер, які праз пэўны прамежак часу ачысціць гісторыю перапіскі аўтаматычна. Цяпер скарыстацца таймерам можна ў любым чаце: паведамленні знікнуць праз 24 гадзіны ці праз сем дзён пасля адпраўкі.

Аўтаматычнае выдаленне мажліва наладзіць толькі для паведамленняў, дасланых пасля ўсталявання таймера: ранейшая перапіска захаваецца. У адрозненне ад сакрэтных чатаў зваротны адлік пачнецца ад моманту адпраўкі паведамлення, а не ў момант ягонага прачытання суразмоўнікам. Уключыць аўтаматычнае выдаленне ў суполках і каналах маюць права толькі адміністратары.

ІНСТРУКЦЫЯ

Інструкцыя, каб скарыстацца новай функцыяй:

— на iOS: затрымайце палец на паведамленні, націсніце “Выбраць”, потым “Ачысціць чат” у левым верхнім куце і нарэшце “Наладзіць аўтавыдаленне”.

— на Android: націсніце ⋮ > “Ачысціць гісторыю” – і выберыце часавы інтэрвал.

Пасля ўключэння таймера ў меню дзеянняў будзе бачны прамежак часу, які застаўся да выдалення паведамлення.

ІНСТРУКЦЫЯ

Віджэты на дамашнім экране тэлефона

Для хуткага доступу да важных чатаў цяпер можна дадаць віджэт тэлеграма на дамашні экран тэлефона. Віджэт “Чаты” пакажа апошнія паведамленні ў абраных чатах, а віджэт “Цэтлікі” — фатаграфіі і імёны карыстальнікаў.

На Android чаты і паведамленні ў віджэце абнаўляюцца ў рэальным часе, а памер віджэта можна змяняць на свой густ. На iOS памер віджэта фіксаваны, а звесткі абнаўляюцца больш рэдка — гэта звязана з сістэмнымі абмежаваннямі платформы.

Каб дадаць віджэт, націсніце і ўтрымлівайце палец на дамашнім экране тэлефона. Далей націсніце “Віджэты” на Android ці значок + на iOS і выберыце тэлеграм.

ІНСТРУКЦЫЯ

Часовыя спасылкі для запрашэння ў суполкі і каналы

Таксама цяпер кіраўнікі суполак і каналаў, акрамя асноўнай спасылкі для запрашэння новых удзельнікаў, маюць права стварыць дадатковыя спасылкі і выбіраць для іх значэнні двух параметраў: тэрмін дзеяння і колькасць уступленняў.

ІНСТРУКЦЫЯ

Кожную запрашальную спасылку можна атрымаць і ў выглядзе QR-кода: для ўступлення ў суполку ці канал карыстальніку дастаткова навесці камеру тэлефона на такі код.

ІНСТРУКЦЫЯ 

Адміністратар суполкі ці канала можа бачыць, хто з карыстальнікаў далучыўся па якой спасылцы, — і рабіць высновы пра эфектыўнасць розных спосабаў прыцягнення аўдыторыі.

Кіраваць запрашальнымі спасылкамі можна з профілю суполкі ці канала: націсніце “Рэдагаваць” > “Запрашальныя спасылкі”. Каб стварыць для такой спасылкі QR-код, націсніце на значок (⋮) або (⋯).

Суполкі з неабмежаванай колькасцю ўдзельнікаў

Раней максімальная колькасць удзельнікаў групавога чата складала 200 000 чалавек. Цяпер пры набліжэнні суполкі да гэтага ліміту чат можна пераўтварыць у суполку для трансляцый з неабмежаванай колькасцю ўдзельнікаў. Посціць у суполках для трансляцый змогуць толькі адміністратары, але іншыя ўдзельнікі суполкі змогуць камунікаваць у галасавым чаце суполкі.

ІНСТРУКЦЫЯ 

Палепшаны імпарт чатаў

У мінулым абнаўленні тэлеграма з’явілася функцыя пераносу ў тэлеграм перапіскі з іншых месенджараў. У свежай версіі тэлеграма зыходныя і імпартаваныя паведамленні аб’яднаныя і адсартаваныя ў адпаведнасці з датай першапачатковай адпраўкі.

Гэта працуе пры імпарце гісторыі ў чаты, дзе меней за 1000 паведамленняў. У іншых выпадках новыя паведамленні будуць па-ранейшаму адсартаваныя ў канец наяўнай гісторыі перапіскі.

Удакладненні пры адпраўцы скаргаў

Пры адпраўцы мадэратарам тэлеграма скаргаў на публічныя матэрыялы праграма будзе прапаноўваць пазначыць пэўныя паведамленні, каб паскорыць праверку скаргі. Таксама карыстальнік зможа далучыць да скаргі дадатковы каментар. Гэта можа быць карысна пры дасыланні скаргі на фэйкавы акаўнт.

ІНСТРУКЦЫЯ

Новыя анімаваныя эмодзі

Каб убачыць новую анімацыю, дашліце ў чат любое з эмодзі асобным паведамленнем.

ІНСТРУКЦЫЯ

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.