Аўстралія прыме ўдзел у “Еўрабачанні”-2015

Арганізатары “Еўрабачання” запрасілі Аўстралію прыняць удзел у конкурсе з нагоды 60-годдзя праекта. Краіна атрымае права адразу прыняць удзел у фінале, які адбудзецца ў Вене 23 траўня. Усяго ж у конкурсе прымуць удзел 40 краін, паведамляе ВВС.

Еўрапейскі вяшчальны саюз патлумачыў, што наўпроставую пуцёўку ў фінал Аўстраліі даюць для таго, каб “не змяншаць шансы” паўфіналістаў, а таксама ў сувязі з тым, што яе ўдзел  у гэтым годзе стане выключэннем.  

Аўстраліі будзе дазволена галасаваць як у абодвух паўфіналах, так і ў самім фінале. Іншым краінам-удзельнікам будзе дазволена галасаваць за аўстралійскага кандыдата, якога яшчэ будуць выбіраць. У выпадку перамогі Аўстраліі наступны конкурс усё адно адбудзецца ў Еўропе, аднак Аўстралія зможа абараніць свой тытул.