Вы тут

Асноўныя праспекты Мінска ў спякоту паліваюць шэсць-восем разоў на дзень

Палівальная машына ў Мінску / minsknews.by

У цяперашнюю анамальную спёку палівам мінскіх вуліц займаюцца 75 машын. Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" сказаў намеснік гендырэктара па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання ДВА "Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама" Уладзімір Латушкін.

Кожная машына за змену робіць восем рэйсаў, аб'ём цыстэрны складае 9 кубаметраў. Агулам кожныя суткі на праезную частку сталіцы выліваюць 5400 кубаметраў вады. Гэтага хапіла б, каб напоўніць 18 разоў фантан каля Вялікага тэатра Беларусі або амаль тры алімпійскія басейны.

Па словах Латушкіна, асноўныя сталічныя праспекты і вуліцы з асабліва інтэнсіўным рухам паліваюць па шэсць-восем разоў на дзень. На астатнія вуліцы, запэўнівае чыноўнік, ваду таксама льюць па некалькі разоў за змену.

Акрамя таго "Гаррамаўтадар" займаецца падвозам вады брыгадам будаўнікоў і прыбіральшчыкаў вуліц, якія працуюць на санцапёку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.