Арыштаваны банкаўскі рахунак царквы "Новае жыццё"

Улады арыштавалі рахунак мінскай пратэстанцкай царквы "Новае жыццё" ў "Белінвестбанку". Як паведаміў Еўрарадыё юрыст царквы Сяргей Луканін, грошы, якія з сённяшняга дня будуць прыходзіць на рахунак царквы, трапяць у распараджэнне Гаспадарчага суда Мінску.
Луканін: "935 тысяч рублёў было на гэтым рахунку. Гэта ахвяраванні вернікаў. На жаль, яны былі пераведзеныя ў дзяржаўны бюджэт — без усякай на тое нагоды, бо мы лічым незаконнымі рашэнні суда, якія нас абвінавацілі быццам у нейкім забруджанні нафтай навакольнага асяроддзя. Канечне, гэта ўсё не так".

На думку юрыста, улады наўрад ці пойдуць на далейшае абвастрэнне сітуацыі і захоп будынку. Тым не менш, вернікі гатовыя да абароны сваёй маёмасці.

Луканін: "Усё, што мы можам рабіць, — гэта маліцца, знаходзіцца ў нашым будынку. І калі будуць усё ж такі нейкія актыўныя дзеянні з боку ўлады, яны ведаюць, што мы будзем рабіць! Мы як мага хутчэй паспрабуем сабрацца ў нашым будынку — разам з нашымі дзецьмі, разам з нашымі жонкамі, каб стаяць, каб маліцца, каб не дапусціць гвалту і захопу нашага будынку".

Нагадаем, Гаспадарчы суд Мінску аштрафаваў царкву "Новае жыццё" на агульную суму амаль у 260 млн рублёў за забруджванне тэрыторыі абшчыны нафтапрадуктамі. Вернікі лічаць гэтыя рашэнні незаконнымі і 8 жніўня прынялі рашэнне адмовіцца ад выплаты штрафаў. За гэта пастару Вячаславу Ганчарэнку пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да пяці гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі