Аршанскі астролаг знайшоў формулу выйгрышу ў “Суперлато”

У студзені 2007 году 28-гадовы аршанец Дзмітрый Зуеў выйграў у “Суперлато”. Здаецца, справа звычайная, дый грошы не вельмі вялікія – усяго 1,5 мільёна рублёў. Але выйгрыш зрабіў яго вядомым на ўсю Оршу.
Справа ў тым, што некалькі гадоў таму просты прыбіральшчык аршанскай СШ
№8 распрацаваў уласнае кола з 15 сузор’яў, якое адрозніваецца ад
задыякальнага. У коле Дзмітрыя Зуева акрамя традыцыйных знакаў
прысутнічаюць Вялікая Мядзведзіца, Змеяносец і Андрамеда.

Але гэта, як кажуць, былі толькі кветачкі. Спалучыўшы астралогію з
фізікай, Зуеў стварыў наступнае ноў-хаў — каляндар, альтэрнатыўны грыгарыянскаму.

Па словах астролага, тое, за якой камбінацыяй лічбаў на латарэйным
квіточку схаваны скарб, яму падказала менавіта яго сістэма. А таксама –
зоркі. А дакладней, камета.


Дзмітрый Зуеў
: “У 1996 годзе адна камета мне тое-сёе дала, у 1997-м –
іншая. А пад самае нараджэнне 2007-га году, каля Зямлі таксама
пралятала камета – менавіта яна і дала мне мой прыз”.


Камета – штука загадкавая і незразумелая. Але Генадзь, супрацоўнік
прадпрыемства “Беларускія латэрэі”, катэгарычна адмаўляе існаванне
формулы выйгрышу ў латарэю:


Генадзь
: “Адукацыя ў мяне матэматычная. Згодна з усёй матэматыкай, я
магу заявіць упэўнена: няма і не можа быць аніякай сістэмы гульні ў
латарэю накшталт нашай. Кожны жадаючы можа сабе набыць 90 бочачак і
мяшэчак і паспрабаваць даставаць іх.

Якія б ні былі зоркі, надвор’е,
катаклізмы і гэтак далей, бочачкі будуць выпадаць выпадковым чынам.
Але калі чалавек верыць у гэта – няхай сабе: можа, яму так лягчэй. Я
думаю, што шмат хто з тых, хто гуляе ў нашую латарэю, верыць у існаванне
сістэмы”.

Дзмітрый Зуеў, у сваю чаргу, кажа, што камета для таго, каб выйграваць
у “Суперлато”, не абавязковая. Выйгрышны квіток можна выбраць па тыражы
і нумары.

“Касмічныя адкрыцці”, якія і склалі ўсе яго веды і ўяўленні ў адзіную
астралагічна-фізічную сістэму, пачалі прыходзіць да Дзмітрыя Зуева ў
1996-м, разам з каметамі, якія праляталі побач з Зямлёй. Часам гэта
адбывалася ў сне, таму зараз спадар Зуеў рэгулярна наведвае аршанскі
клуб эзатэрыкаў.

Ёсць у сістэмы з 15 сузор’яў і іншыя, больш “зямныя” крыніцы.


Дзмітрый Зуеў
: “Пра гэта некалі казаў Піфагор. Ёсць унутраны свет жыцця,
а ёсць
вонкавы. Пры пераходзе з унутранага ў вонкавы прымаецца
каэфіцыент 3/2. Вакол нас ёсць 8 планет, а таксама спадарожнік Зямлі – Месяц і спадарожнік Нептуна – Плутон. 10 памнажаем на 3/2 – атрымліваем
15”.

Кажуць, што калі Бог нешта ў чалавека адбірае, ён абавязкова дае яму
што-небудзь ўзамен. Дзмітрый Зуеў – інвалід ад нараджэння. Можа,
менавіта гэтым і тлумачыцца тое, што Космас адкрывае яму больш, чым
іншым людзям?

Выйгрыш у “Суперлато” Дзмітрый Зуеў выдаткаваў на камп'ютар. Цяпер ён
занатоўвае ў ім усё тое, што за 15 з нечым гадоў было занатавана на
паперы: астралагічныя кнігі, выразкі з газет, нататкі, табліцы…
Неўзабаве праца над новай астралагічнай сістэмай працягнецца на новым
узроўні.

Камета прыляцела да Дзмітрыя вельмі дарэчна: пры яго сціплым заробку
прыбіральшчыка і сацыяльнай дапамозе ды пры бацьках-пенсіянерах пра
камп'ютар можна было толькі марыць.

Святлана Вайцяхоўская, супрацоўніца “Аршанскай газеты”, у рэдакцыю якой
спадар Зуеў часта заходзіць як у госці, бачыць у гэтым вышэйшую
справядлівасць.


Святлана Вайцяхоўская
: “Мне вельмі радасна, што грошы атрымаў менавіта
гэты чалавек. Іншаму яны, можа, і не так патрэбныя. Гэта такі чалавек…
Нягледзячы на цяжкасці, з якімі ён сутыкнуўся, ён не зазірае ў пляшку
ці яшчэ што-небудзь... Ён знайшоў сабе годны занятак. Малайчына!”

Фота — www.vedalifestyle.co.uk