Аршанец распілаваў камеру фотафіксацыі, у яго канфіскавалі аўтамабіль

Суд Оршы і Аршанскага раёна асудзіў 28-гадовага мужчыну, які знішчыў камеру фотафіксацыі, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці

Здарэнне адбылося 12 кастрычніка 2018 года. Аршанец ездзіў у Віцебск і каля вёскі Высокае двойчы трапіў у аб'ектыў камеры фотафіксацыі, калі перавысіў хуткасць. 

Пра тое, што камера зафіксавала ягоныя парушэнні, мужчына здагадаўся па фотаўспышцы. Каб не плаціць штраф, малады чалавек накінуў на слуп з камерай трос і з дапамогай аўтамабіля сарваў прыбор. Ён прывёз камеру дадому і распілаваў яе вуглашліфавальнай машынкай, спрабуючы знайсці і знішчыць здымкі свайго аўто. 

Кошт пашкоджанай камеры, апоры і кабеля склаў 2300 рублёў. Акрамя таго, аршанец перапыніў перадачу інфармацыі пра перавышэнне хуткасці ў рэжыме рэальнага часу ў цэнтр фіксацыі правапарушэнняў. 

На судзе мужчына цалкам прызнаў сваю віну, раскаяўся і добраахвотна кампенсаваў шкоду. Суд прызначыў яму штраф у 1275 рублёў (50 базавых велічыняў), а таксама канфіскаваў яго аўтамабіль.