Аркестр на “Рок-каранацыі” будзе, але рокеры з ім не сыграюць

Сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі адкрые дзве часткі цырымоніі, а рокерам падыграе джазавы Біг-бэнд. Еўрарадыё даведалася некаторыя дэталі сёлетняй “кароннай цырымоніі”. Сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча выступіць на “Рок-каранацыі”. Яшчэ нядаўна яго ўдзел быў пад пытаннем, але ў аўторак дырыжор Рыгор Сарока даў згоду. Праўда, змены ў фармаце канцэрта ўсё ж будуць. Аркестр не будзе граць разам з рок-музыкамі, як гэта планавалася першапачаткова, а выступіць самастойна: адкрые першую і другую часткі канцэрта.

Рыгор Сарока: “Мы, аркестр, возьмем удзел у стварэнні ўрачыстасці, адкрыцця аднаго аддзялення, другога. 20 хвілін будзе знаходзіцца сімфанічны аркестр на сцэне. Мы сыграем вялікамаштабную “Рапсодыю ў стылі “блюз” Джоржа Гершвіна, а потым канцэртную сюіту Мішэля Леграна з кінафільма “Шэрбургскія парасоны” – выдатны канцэрты твор,шыкоўны. То бок, мы сур’ёзна ўдзельнічаем, аднак маглі б яшчэ больш сур’ёзна”.

Больш сур’ёзна паўдзельнічаць аркестр не здолеў, бо яму своечасова не перадалі матэрыялы гуртоў. Толькі ў аўторак арганізатары прывезлі ў Маладзечна запісы рокераў — амаль за 10 дзён да канцэрта.

Рыгор Сарока: “Я ж думаў, што мне дадуць нейкія партытуры, альбо дыскі за месяца паўтара-два, каб мы маглі б нешта напісаць. Гэта ж сімфанічны аркестр, а не групка ў пяць чалавек! Ну і потым, мы ж не прывыклі халтурыць! Што, Фінберг будзе за 10 дзён нешта рабіць?! Ну вось, сядзіць група першых скрыпак, 24 штукі! Яны ж павіны разам вадзіць смыкамі, штрыхі і г.д. Гэта нялёгкая рэч. Гэта трэба ўсё ім даць, напісаць. А як магу я зараз напісаць партытуры, калі трэба даваць замову нейкаму кампазітару, аранжыроўшчыку альбо самаму рабіць. Потым распісаць партыі, вывучыць іх. 10 дзён – гэта не тэрмін для такой працы!”

Нягледзячы на тое, што часу да цырымоніі “Рок-каранацыя” засталося мала, маэстра вырашыў не адмаўляцца ад супрацоўніцтва. У канцэрце возьме ўдзел яго джазавы біг-бэнд, які на працягу імпрэзы будзе прысутнічаць на сцэне, граць “туш” падчас ўручэння “карон” і ўдзельнічаць у некаторых рок-кампазіцыях.

Рыгор Сарока: “Арганізатары сёння прывезлі нам два дыскі той музыкі, што прагучыць на “Рок-каранацыі”. Хлопцы з біг-бэнду адслухаюць усё гэта, каб хоць неяк уклініцца, бо ж няма нотаў, нічога няма, што павінна быць. У межах магчымасці яны будуць удзельнічаць. То бок, па ходзе, імправізацыйна, нашы таксама будуць там іграць”.

Пра тое, што з аркестрам паспяваць не атрымаецца, музыкі даведаліся непасрэдна ад Еўрарадыё. Аня Хітрык, вакалістка “ДетиДетей” з палёгкай уздыхнула, бо пытанняў наконт выступу з аркестрам было шмат.

Аня Хітрык: “Мы ніяк не рыхтаваліся, акрамя як маральна. Нам сказалі, што трэба абраць песню. Мы яе выбралі і думалі, што гэта будзе прыгожа, усё струнна. Але баяліся, таму што рэпетыцыя павінна была быць усяго адна”.

Ігар Варашкевіч лічыць, што выступіць на “каранацыі” без аркестра будзе значна прасцей, але не так цікава.

Ігар Варашкевіч: “Прасцей будзе, але не так цікава, напэўна. Цікава было б сыграць з аркестрам “Неба — лёс арла”. Я думаю, што атрымалася б добра”.

Арганізатары “Рок-каранацыі”ад каментароў адмаўляюцца, спасылаючыся на прэс-рэліз імпрэзы, выхад якога запланаваны бліжэй да выхадных.

Нагадаем, што на “Рок-каранацыі” планаваліся выступы з сімфанічным аркестрам гуртоў “Крама”(адмысловы госць), “Нейра Дзюбель”(мінулагоднія каралі) і намінантаў: “Троіцы”, “БезБилета”, “ДетиДетей” і “IQ48”…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі