Вы тут

Арганізатараў Дня Волі ў Мінску аштрафавалі за неаплату паслуг міліцыі

Юрый Губарэвіч і Вольга Кавалькова ў судзе / Фота з акаўнту Вольгі Кавальковай на Фэйсбуку

У судзе Цэнтральнага рёна Мінска 29 красавіка судзілі арганізатараў Дня Волі ў сталіцы. Яны адмовіліся аплачваць паслугі міліцыі падчас мітынгу і канцэрту. Пратаколы былі складзеныя на Юрыя Губарэвіча, Вольгу Кавалькову, Ігара Барысава і Мікалая Казлова

Казлоў у суд не з’явіўся, але перадаў заяву с просьбай, каб справу разглядалі ў яго адсутнасць, паведаміў праваабарончы сайт "Вясна".

Губарэвіч не прызнаў віны і патлумачыў, чаму арганізатары адмовіліся аплачваць паслугі міліцыі — 3825 рублёў (150 базавых велічыняў). Ён заявіў, што супрацоўнікі міліцыі бяздзейнічалі, калі паміж 16:00 і 17:00 невядомыя людзі ў цывільным схапілі двух удзельнікаў — Змітра Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага. Міліцыянты на месцы праігнаравалі як захоп удзельнікаў, так і зварот Губарэвіча як арганізатара. 

Таксама Губарэвіч падкрэсліў, што міліцыянты не дазвалялі выносіць сімволіку за межы пляцоўкі правядзення, хоць ні ў КаАП, ні ў Крымінальным кодэксе не прадугледжаная адказнасць за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі.

Кіраўнік Руху "За Свабоду" пацвердзіў, што арганізатары звярталіся ў Мінгарвыканкам у грамадзянскім парадку з прэтэнзіяй наконт аказаных паслуг. Пагатоў, па выніку ім выставілі рахунак на 100 базавых велічынь больш, чым было напісана ў дамове. 

Суд вырашыў аштрафаваць Губарэвіча, Казлова і Кавалькову — па 765 рублёў з кожнага (па 30 базавых). Справа Барысава ў судзе не разглядалася. 

Акрамя выплаты штрафаў арганізатары абавязаныя аплаціць і паслугі міліцыі падчас Дня Волі.